Афіцыйнае агенцтва ўпершыню расказала пра акцыі салідарнасьці з Charlie Hebdo і ўкраінскім Майданам

Пікет салідарнасьці з Charlie Hebdo 11 студзеня ў Менску

Пасьля ўчорашняй прэс-канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА ўпершыню апавяло пра акцыі салідарнасьці, якія адбыліся ў Менску 11 і 22 студзеня.

Яно назвала падтрымку францускага часопіса Charlie Hebdo і ўскладаньне кветак да помніка Тарасу Шаўчэнку несанкцыянаванымі мітынгамі.

Паводле кіраўніка прэс-службы ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандра Ластоўскага, міліцыянт каля францускай амбасады зьвярнуўся да грамадзян, якія трымалі плякат Je suis Charlie, каб тыя «спынілі несанкцыянаваны сход», бо ўгледзеў у гэтым парушэньне закону аб масавых мерапрыемствах. Людзі прабылі каля амбасады яшчэ хвілін 15 і самастойна разышліся па дамах.

«Зразумела, іх ніхто не затрымліваў. Празь некалькі дзён праваахоўнікі абтэлефанавалі гэтых людзей і прапанавалі ім прыйсьці ў РУУС для разбору. Цяпер матэрыялы аб адміністрацыйным правапарушэньні складзеныя і адпраўленыя ў суд Цэнтральнага раёну», — адзначыў Ластоўскі.

Што да адзначэньня гадавіны падзеяў на ўкраінскім Майдане 22 студзеня каля помніка Тарасу Шаўчэнку, то, паводле Ластоўскага, прысутныя не рэагавалі на патрабаваньні міліцыянтаў спыніць несанкцыянаванае мерапрыемства, і таму іх даставілі ў пастарунак для разбору.

«У дачыненьні да шасьцёх чалавек складзеныя адміністрацыйныя пратаколы паводле арт.23.34, трох грамадзян адпусьцілі. Усе матэрыялы перададзеныя ў суд для разгляду», — сказаў Ластоўскі.

Ён адзначыў, што прысутныя выкрыквалі антыдзяржаўныя лёзунгі і заклікалі далучыцца да «рэвалюцыі». Паводле Ластоўскага, некаторыя з грамадзян, якія бралі ўдзел у несанкцыянаваных сходах, неаднаразова прыцягваліся да адказнасьці, асобныя — больш за 30 разоў, перадае БЕЛТА.

На ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі журналістка Тацяна Мельнічук задала пытаньне, на якой падставе прыцягваюць да адказнасьці тых, хто выказвае чалавечую салідарнасьць з забітымі. Пасьля гэтага Лукашэнка даў указаньне міністру ўнутраных спраў Шуневічу «замарозіць» сумнеўную справу пра Je suis Charlie.

30 студзеня старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька атрымаў пад расьпіску позву на 4 лютага ў суд Цэнтральнага раёну Менску па так званай «справе Je suis Charlie».

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку спадар Лябедзька напісаў:

«Адметнасьць сыстэмы, створанай вядомым беларускім архітэктарам А. Лукашэнкам, у тым, што яна працуе паводле прынцыпу канвэера. Толькі што атрымаў пазоў у суд па справе Je suis Charlie на 4 лютага. Ідэалягічныя сваякі братоў Куашы, ці, як казаў учора Лукашэнка, „ідыёты“, на гэтай справе як мінімум разьлічвалі атрымаць прэмію. Падаецца, будзе вельмі цікава!»