Будоўля адміністрацыйна-гандлёвага цэнтру ў Воршы каля дому № 10 па вуліцы Сямёнава адменена.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў Аршанскім райвыканкаме.
Начальнік землеўпарадкавальнай службы Аршанскага райвыканкаму Ігар Фядорчанка сказаў:
«Прынятае рашэньне аб выманьні ўчастку. То бок участак забраны і там ня будзе абʼекта».
На пытаньне, ці сталі прычынай такога рашэньня пратэсты мясцовых жыхароў, спадар Фядорчанка адказаў так:
«Прычына палягае ў тым, што парушана заканадаўства: несвоечасова пачалі будаўніцтва, прапушчаныя тэрміны будаўніцтва».
Плот з шыльдай прастаяў каля двух тыдняў. 20 красавіка ў мікрараёне зьявіліся рабочыя, якія дэмантавалі ўсё, што нагадвала пра будаўнічую пляцоўку. Ад плянаў наконт адміністрацыйнага-гандлёвага цэнтру не засталося і знаку.
Мясцовыя жыхары ўпэўненыя, што паспрыяла гэтаму іхная настойлівасьць: за пару тыдняў яны некалькі разоў накіроўвалі сваіх прадстаўнікоў у райвыканкам, зьвярталіся да журналістаў і напісалі зь дзясятак лістоў у розныя арганізацыі — ад санстанцыі да пракуратуры.
Людзі абурыліся, што дзеля будоўлі трэба высекчы больш за два дзясяткі дрэваў, якія яны пасадзілі ў сябе пад вокнамі. Атрымаўся невялікі сквэрык, які даваў цень. А тут выходзіць, што замест бярозак проста пад вокнамі мае вырасьці двухпавярховая будыніна.
Толькі тады, калі за домам пачалі майстраваць плот, жыхары даведаліся, што пляц пад іхнымі вокнамі яшчэ ў 2013 годзе выкупіў прыватны прадпрымальнік. Праўда, на шыльдзе з плянам будучага абʼекта значыўся іншы адрас: замест вуліцы Сямёнава — вуліца 60-годзьдзя БССР.
Насельнікі дома № 10 па вуліцы Сямёнава ўсьцешаныя перамогай, але лічаць, што супакойвацца яшчэ рана. Яны не выключаюць, што ў першапачатковы праект гаспадар можа ўнесьці нейкія папраўкі, і будоўля распачнецца зноў. Людзі абмяркоўваюць, як бы набыць той пляц ва ўласнасьць каапэратыва, якому належыць дом. А жыхары іншых дамоў тым часам ходзяць да іх «пераймаць досьвед», бо лічаць, што ад падобных будоўляў пад вокнамі ніхто цяпер не застрахаваны.