Двухпавярховы будынак зьбіраюцца ўзьвесьці каля дому № 10 па вуліцы Сямёнава. Дзеля гэтага хочуць высекчы больш за два дзясяткі дрэваў, пасаджаных мясцовымі жыхарамі.
Гэты «зялёны куток» насельнікі дома стварылі самі: на працягу многіх гадоў садзілі тут дрэвы, у тым ліку і пладовыя. Такім чынам пад вокнамі ўтварыўся невялікі сквэрык — ня дужа частая зьява ў спальным мікрараёне.
Дом № 10 — каапэратыўны. Гэта значыць, кватэры людзі будавалі за ўласныя сродкі. І яны абураныя, чаму іх не спыталі, калі прадавалі ўчастак зямлі пад іхнымі вокнамі прыватнаму ўласьніку па прозьвішчы Казлоўскі, жыхару Віцебску. Аршанцы ж пра продаж участка нават ня ведалі, хоць адбылося гэта яшчэ ў 2013 годзе.
Пра пэрспэктывы ўзьвядзеньня гандлёвага цэнтру людзі даведаліся толькі тыдзень таму, калі рабочыя пачалі ставіць плот. Мясцовыя жыхары не хавалі абурэньня. Але абышлося без інцыдэнтаў: аднекуль зьявіліся міліцыянты, якіх ніхто не выклікаў. І пад міліцэйскай аховай плот быў пастаўлены.
А на ім — выява аб’екта, дзе гаворыцца пра тое, што тут будзе «адміністрацыйна-гандлёвы цэнтар».
Навошта ў гэтым месцы яшчэ адзін такі аб’ект, калі літаральна за паўсотні крокаў — унівэрсам «Алмі» і некалькі крамаў з прамысловымі таварамі? Навошта зьнішчаць дрэвы, якіх у горадзе і так няшмат? Чаму трэба цярпець невыгоды тым, каму новы будынак апынецца пад самымі вокнамі і загародзіць сьвятло? Гэтыя пытаньні жыхары дому № 10 задалі ў райвыканкаме. Пачутыя адказы іх не задаволілі.
Па-першае, у аддзеле будаўніцтва і эканомікі людзям сказалі, што яны маглі самі выкупіць зямлю каля свайго дома, і гэта іхная праблема, што яны ня ведалі пра продаж. Па-другое, што дрэвы пад іхнымі вокнамі «ня ўлічаныя» ў афіцыйных дакумэнтах, і за іх высечку ніхто не панясе адказнасьці. Па-трэцяе, калі дрэвы нават і ўлічаць, то за высечку горад «адсправаздачыцца» ў плянавым парадку: адказныя службы пасадзяць іншыя дрэвы — праўда, у іншых раёнах Воршы. Па-чацьвёртае, зусім не абавязкова, што ў адбудаваным гмаху будзе крама: уласьнік можа здаць памяшканьні ў арэнду каму заўгодна і абсталяваць там усё, што палічыць мэтазгодным — ад аўтамайстэрні да казіно.
Незадаволеныя такой пазыцыяй мясцовых уладаў, людзі вырашылі зьвяртацца вышэй: накіравалі лісты ў дзяржкантроль, Віцебскі аблвыканкам, адміністрацыю прэзыдэнта. З апошняй інстанцыі адказ ужо атрымалі: маўляў, ваш зварот перанакіраваны па месцы жыхарства — гэта значыць, у райвыканкам, дзе дэлегацыя жыхароў ужо пабывала.
У мінулую нядзелю жыхары дома № 10 правялі сход. Яны вырашылі, што будуць наймаць адваката і зьвяртацца ў суд супраць тых, хто даў дазвол на будаўніцтва. Прынамсі адно парушэньне, на думку мясцовых жыхароў, ужо відавочнае: чамусьці ў пашпарце аб’екта гаворыцца пра тое, што ён узводзіцца на вуліцы 60-годзьдзя БССР, калі насамрэч — на вуліцы Сямёнава. Людзі не выключаюць, што знойдуцца і іншыя хібы — і ў дакумэнтах на продаж зямлі, і ў дазвольных паперах на будаўніцтва.
Аршанцы згадваюць, што ня так даўно супраць узьвядзеньня нейкага гандлёвага аб’екта пратэставалі жыхары вуліцы Воз-ан-Влен (названай у гонар францускага горада — пабраціма Воршы), што ў суседнім мікрараёне. І ім удалося адстаяць сваю пазыцыю: ад будоўлі там мусілі адмовіцца.