«Адбіваем ворага, не даем яму акапацца». Як украінскае войска трымае абарону пад Пакроўскам. ВІДЭА

Your browser doesn’t support HTML5

Як байцы 147-й брыгады УСУ трымаюць абарону пад Пакроўскам, рэпартаж тэлеканалу «Настоящее время»

Украінская армія працягвае вызваляць сваю тэрыторыю, паведаміў у канцы сакавіка галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны (УСУ) Аляксандар Сырскі.

Паводле Сырскага, за апошнія месяцы ўкраінскім вайскоўцам удалося аднавіць кантроль над 470 квадратнымі кілямэтрамі. У канцы лютага Сырскі казаў яшчэ пра чатыры сотні квадратных кілямэтраў. Пры гэтым аналітыкі сьцьвярджаюць, што вясновы наступ расейскіх войскаў ужо пачаўся. Самым гарачым застаецца пакроўскі кірунак, рэпартаж зь якога зрабіў тэлеканал «Настоящее время».

Уздоўж лягістычных маршрутаў у гэтых месцах — антыдронавыя сеткі і спаленыя машыны, легкавыя і браняваныя. Паводле зьвестак УСУ, каля паловы баявых сутыкненьняў на ўсім фронце зараз адбываецца менавіта тут, на пакроўскім кірунку.

Ужо з раніцы байцы 147-й брыгады дэсантна-штурмавых войскаў УСУ чакаюць чарговай атакі. У раёне Грышына, што побач з Пакроўскім, расейскія войскі спрабуюць прасунуцца наперад, апавядае вайсковец УСУ Ігар:

«На Грышына яны спрабуюць гэты „язычок“ прасунуць, там спрабуюць пралезьці. І мы працуем у асноўным туды. Закінуць „язычок“, як заўсёды яны робяць, потым зь іншага боку тое ж самае зрабіць — і потым неяк абысьці, можа, узяць у кола».

Ягор і Аляксандар падносяць снарады — цяжкія, кожны важыць да 50 кіляграмаў. Байцы апрануты ў экзашкілеты: гэтая новая амуніцыя дапамагае вытрымліваць цяжкія нагрузкі. З дапамогай экзашкілетаў артылерысты за дзень могуць уручную пераносіць ці ня тоны грузаў.

— І як адчуваньні?

— Нармальна, лепш за ўсіх, я яго наагул не адчуваю.

«Снарады вельмі цяжкія, а людзям ня так лёгка, вядома, ім цяжка. У цэлым гэты экзашкілет дапамагае ім», — камэнтуе вайсковец той жа брыгады Раман. Ён тлумачыць, што іхная брыгада новая, і новая ў іх ня толькі тэхніка, але і падыходы да ваеннай справы:

«Тут людзі слухаюць іншых людзей, яны бачаць, хто чым займаецца, спрабуюць паставіць на сваё месца [таго], хто майстар у гэтым. Плюс у нас новая тэхніка, усё новае, мы ўсе першыя выкарыстоўваем. Працуем удалечыню, адбіваем ворага, не даем яму магчымасьці акапацца».

Раней галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі паведаміў, што з 17 па 20 сакавіка расейскія войскі ўзмацнілі наступальныя дзеяньні на некалькіх стратэгічных кірунках. Самы гарачы акурат пакроўскі: за чатыры дні — 163 атакі.

«Вельмі актыўныя яны цяпер, малымі групамі прасоўваюцца, замацоўваюцца ў падвалах і будынках, і іх вельмі цяжка дастаць. Іх дастаюць або FPV (відэакіраванымі дронамі. — РС), або ўжо мы потым прылятаем зь цяжкімі бомбамі і ўжо іх дастаем адтуль», — расказвае пра адбіцьцё і перадухіленьне гэтых нападаў вайсковец УСУ Аляксандар.

Ён кіруе цяжкім дронам-бомбэрам і бачыць поле бою з паветра:

«Расейская пяхота падышла да нашай пяхоты за 20 мэтраў, і сумежныя падразьдзелы папрасілі паспрабаваць уразіць цэль. Бо яны залезьлі ў „норы“ — і іх не маглі выбіць адтуль. І мы прыляцелі зь дзьвюма бомбамі, іх дасталі адтуль. І наша пяхота цэлая і здаровая, і іх зьнішчылі».

Аляксандр расказвае, што Пакроўск і паселішчы побач зь ім цалкам зьнішчаныя.

«Бачым разбураныя дамы, вельмі не хацелася б убачыць свой дом такім, і таму, напэўна, мы цяпер тут, — кажа аб гэтых разбурэньнях вайсковец УСУ Дзьмітрый. — Лезуць і лезуць. Пакуль мы ня бачым канца іх чалавечаму рэсурсу, пра які заўсёды ўсе кажуць. Па адным, па двое, па трое заходзяць у дамы, лезуць далей».

Паводле галоўнакамандуючага Сырскага, за чатыры дні актыўных штурмаў расейскім войскам не ўдалося дабіцца пастаўленых задач, а іх страты за гэты час склалі больш за шэсьць тысяч забітымі і параненымі. Сырскі дадаў, што расейскае войска рыхтуецца да новых штурмаў.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«На дроны ўжо не рэагуем, а кіраваных бомбаў баімся сьмяротна». Рэпартаж з Канстанцінаўкі Данецкай вобласьці, за якую ідуць баі«Баімся, каб расейцы не прыйшлі зь беларускага боку». Як жывуць украінцы на мяжы зь Беларусьсю. ВІДЭА«Вораг палюе на цывільныя машыны». Рэпартаж з Славянску, Краматорску і Дружкаўкі, да якіх набліжаецца фронт. ВІДЭАЯк ва Ўкраіне ва ўмовах вайны ўдасканальваюць дроны і рыхтуюць іх апэратараў. ВІДЭАЯк ідзе эвакуацыя жыхароў Днепрапятроўскай вобласьці з-пад расейскіх абстрэлаў. ВІДЭА«Там пекла». Што расказваюць украінцы, якія празь Беларусь выехалі з акупаваных Расеяй рэгіёнаў. ВІДЭА