Берасьцейскія прадпрымальнікі вырашылі правесьці мітынг

Your browser doesn’t support HTML5

Берасьцейскія прадпрымальнікі рыхтуюць мітынг

У Берасьці адбыўся сход індывідуальных прадпрымальнікаў, на якім гандляры падтрымалі ідэю правядзеньня масавай акцыі ў Менску, а таксама вырашылі зладзіць мітынг і ў сваім абласным цэнтры.

На сход на рынку «ЦУМ» прыйшлі каля 300 прадпрымальнікаў з розных рынкаў Берасьця. Мясцовыя лідэры прадпрымальніцкага руху распавялі прысутным, як прайшоў форум у Менску, якія рэзалюцыі былі прынятыя, агучылі свае прапановы.

У прыватнасьці, казалі, што трэба падтрымаць акцыю ў Менску:

«15 лютага ў Менску заплянаваны мітынг. Я спадзяюся, што ад Берасьця паедзе не 50, а 200–300 чалавек. Ад нас вельмі шмат залежыць, ад нас залежыць наша будучыня», — выказаўся адзін з прадпрымальнікаў.

Гучалі прапановы нават скупіць квіткі адразу на некалькі вагонаў да Менску, каб ехаць на акцыю калектыўна.

Апроч акцыі ў Менску, на сходзе выказалі намер падаць заяўку на мітынг у сярэдзіне лютага і ў Берасьці.

Таксама ў часе сходу прадпрымальнікі склалі ліст да кіраўніцтва Берасьцейскага аблвыканкаму з прапановамі адмены ўказаў прэзыдэнта № 222 і 48. І падпісваліся пад ім.

Казалі прадпрымальнікі пра цяжкія ўмовы працы і непазьбежнасьць штрафаў:

«Наконт штрафаў. Штрафы грабежніцкія, і яны закладзеныя ў бюджэт. То бок, калі вас злавілі, вам ня будуць казаць, што вы няправільна тут аформілі, аформіце вось так, а мы заўтра прыйдзем і праверым. Адразу будуць спустошваць чалавека. Людзі пазбаўляюцца ўсяго, пазбаўляюцца таго, што зарабілі не крымінальным шляхам, а сваёй працай».

Абмяркоўвалі гандляры і «непраўдзівасьць паказу праблемаў прадпрымальнікаў» на дзяржаўных тэлеканалах, абураліся, што СМІ «хлусяць, што ІП накручваюць на тавары да 500 працэнтаў».

Ажыўленьне прадпрымальнікаў выклікала абвестка праз гукаўзмацняльную апаратуру: адміністрацыя рынку заклікала пакупнікоў, каб былі пільныя на рынку. Прадпрымальнікі нават перапынілі выступы, каб адсьмяяцца: якія, маўляў, пакупнікі, калі ледзь ня ўсе ралеты зачыненыя?

Прадпрымальнікі кажуць, што будуць рэгулярна ладзіць сходы ў Берасьці да часу, пакуль сытуацыя з указам 222 ня вырашыцца.

1 студзеня 2016 году ўступіў у сілу ўказ № 222. Ён патрабуе, каб прадпрымальнікі рэалізоўвалі прадукцыю лёгкай прамысловасьці, увезеную з краін Мытнага саюзу, толькі з суправаджальнымі дакумэнтамі. Праблема ў тым, што расейскія пастаўшчыкі, у якіх закупляюць тавар большасьць беларускіх ІП, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакумэнты аб паходжаньні прадукцыі, альбо прадстаўляюць фіктыўныя даведкі. У выніку ІП церпяць ад штрафаў і канфіскацыяў.

Многія прадпрымальнікі заяўляюць пра спыненьне працы на нявызначаны тэрмін. У шмат якіх гарадах адбываюцца сходы і мітынгі дробных гандляроў.

Каля 300 ІП прыйшлі на сход у Берасьці

Лідэры берасьцейскага руху прадпрымальнікаў абвясьцілі пра намер правесьці мітынг

«Людзі пазбаўляюцца ўсяго, што зарабілі сваёй працай»

У часе сходу

Алена Кустус, лідэрка прадпрымальніцкага руху Берасьця

Прадпрымальнікі мяркуюць і надалей ладзіць сходы

Прадпрымальнікі падпісваюцца пад пэтыцыяй у аблвыканкам

Пустыя гандлёвыя ралеты на берасьцейскім рынку «ЦУМ»