Журналістам Васілю Сямашку і Ганне Івановай, якія ў сакавіку пабывалі на тэрыторыі так званай «Данецкай народнай рэспублікі», сэпаратысты прыгразілі арыштам.
У сацыяльнай сетцы «Вконтакте» прадстаўнік групы падтрымкі «апалчэньня Наваросіі» Георгій Огнеў напісаў, што Васіль Сямашка і Ганна Іванова «падлягаюць арышту і затрыманьню на тэрыторыі Наваросіі».
Паводле прадстаўніка сэпаратыстаў, «вельмі далёкі ад праўды матэрыял беларускіх журналістаў быў выкарыстаны ворагамі ДНР для дыскрэдытацыі ўзброеных сілаў».
«Можаце нас павіншаваць з тым, што мы сталі ворагамі і для кіраўніцтва «ДНР». Паводле неафіцыйнай інфармацыі, вельмі сурʼёзныя праблемы здарыліся ў байцоў «ДНР», якія нам дапамагалі», — напісаў Васіль Сямашка на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Васіль Сямашка сказаў карэспандэнту Свабоды, што «пагроза вельмі сурʼёзная».
«Цяпер, калі туды ехаць, то толькі на іншы бок», — сказаў Сямашка.
Журналісты Васіль Сямашка і Ганна Іванова адвезьлі гуманітарную дапамагу ў акупаваны Данбас у абыход украінскіх законаў. Адным зь іхніх праваднікоў быў баявік «ДНР» зь Менску па мянушцы «Серб», раней асуджаны ў Беларусі за забойства.