Бяляцкі прэзэнтуе сваю кнігу «Халоднае крыло Радзімы»

23 cьнежня адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі Алеся Бяляцкага «Халоднае крыло Радзімы».

Кніга была цалкам падрыхтаваная, калі Алесь Бяляцкі быў за кратамі, а выйшла з друку пасьля вызваленьня праваабаронцы.

Гэта пятая кніга былога палітвязьня і праваабаронцы зьяўляецца своеасаблівым працягам кнігаў «Асьвечаныя беларушчынай» і «Іртутнае срэбра жыцьця».

У кнізе «Халоднае крыло Радзімы» сабраныя аўтабіяграфічныя тэксты і ўспаміны пра падпольную і паўпадпольную грамадзкую дзейнасьць Бяляцкага за савецкім часам, пра культурны супраціў у 80-я гады, адным зь лідэраў якога быў Алесь Бяляцкі.

Назву для кнігі Бяляцкі абраў падчас зьняволеньня ў бабруйскай калёніі, распавяла ўкладальніца кнігі Паліна Сьцепаненка. У лісьце ад 30 сакавіка 2014 года Бяляцкі так патлумачыў назву сваёй кнігі:

«Назва шматзначная. Чаму крыло „халоднае“ — зразумела. І Радзіма тут выглядае птушкай — зязюляй? Чайкай? І зязюляй, бо не глядзіць сваіх дзяцей, і чайкай, бо ў іх, калі яны ляцяць, крылы срэбныя спадыспаду, калі глядзець на яе, і адліваюць на сонцы холадам. І такое крыло пакуль ня грэе сваіх птушанятаў, пад якімі можна разумець усіх, хто ходзіць і жыве пад яе крылом».

Мастацкае афармленьне кнігі зрабіў вядомы беларускі графік Уладзімер Вішнеўскі.

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі быў арыштаваны ў жніўні 2011 году і асуджаны на 4,5 гады зьняволеньня нібыта за ўтойваньне прыбыткаў, атрыманых з-за мяжы. Алесь Бяляцкі сваёй віны не прызнаў, бо ўсе грошы, атрыманыя на яго рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць. Трымалі Алеся Бяляцкага ў бабруйскай калёніі. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд палітычна матываваным.