«З боку гэта выглядала авантурна», — былая каманда «Белорусы и рынок» выжыла і без газэты

Каманда belrynok.by

Большая частка рэдакцыі тыднёвіка «Белорусы и рынок» сёньня адзначае паўгадавы юбілей свайго новага праекту — аналітычнага інтэрнэт-выданьня belrynok.by.

Праект belrynok.by быў створаны пасьля гучнага скандалу ў незалежнай газэце «Белорусы и рынок».

Пасьля зьмены складу акцыянэраў ЗАТ «Мэдыярынак», якое выступае заснавальнікам штотыднёвіка «Белорусы и рынок», у канцы красавіка — пачатку траўня на знак пратэсту супраць рэдакцыйнай палітыкі новага кіраўніцтва з газэты звольніўся амаль увесь калектыў.

У прыватнасьці, з выданьня сышлі намесьніца галоўнага рэдактара Ірына Крыловіч, адказны сакратар Юры Сезень, загадчык аддзелу палітыкі Паўлюк Быкоўскі, фінансавы аглядальнік Уладзімер Тарасаў, аглядальнік і публіцыст Канстанцін Скуратовіч, загадчыца аддзелу прыватызацыі Тацяна Манёнак, загадчык аддзелу таварных рынкаў Аляксандар Алесін ды іншыя.

Фактычна адразу пасьля звальненьня былыя журналісты газэты «Белорусы и рынок» самастойна запусьцілі новы праект — партал belrynok.by. Рэсурс пачаў сваю працу 11 траўня. Пазьней журналісты стварылі юрыдычную асобу (ТАА «Эканомікс Мэдыя») і арандавалі офіс.

Сёньня парталу belrynok.by ужо паўгода. Калектыў выданьня лічыць, што праект зьдзейсьніўся.

Крыловіч: «Фактычна цяпер мы перажываем другое нараджэньне нашага калектыву»

Галоўны рэдактар belrynok.by Ірына Крыловіч у размове са Свабодай узгадвае, што запуск праекту праходзіў фактычна без падрыхтоўкі:

Ірына Крыловіч

«Мы наўмысна не імкнуліся аддаваць шмат увагі падрыхтоўцы нейкай сур’ёзнай канцэпцыі, бо трэба было дзейнічаць хутка. Мы хацелі дзейнічаць менавіта за кошт нашага досьведу, які мы назапасілі ў газэце, за кошт таго кантэнту, які мы прывыклі ствараць. Нам здавалася, што гэты кантэнт запатрабаваны — і, увогуле, мы не памыліліся.

Сумневы ў посьпеху, вядома, былі, шмат хто казаў нам пра гэта. Вядома, з боку гэта выглядала трошкі як авантура. Але, тым ня менш, у мяне была ўпэўненасьць, што ўсё атрымаецца. Мы лічым, што сваіх мэтаў мы дамагліся. Мы прадэманстравалі, перш за ўсё сабе, што мы здольныя ствараць рэсурс і напаўняць яго кантэнтам. Гэта дае нам упэўненасьць у тым, што мы будзем разьвівацца і далей», — кажа яна.

Крыловіч падкрэсьлівае, што выжыў праект перш за ўсё дзякуючы самім журналістам.

«Практычна ўся каманда газэты „Белорусы и рынок“ засталася з намі ў поўным складзе. Фактычна цяпер мы перажываем другое нараджэньне нашага калектыву, нягледзячы на тое, што мы працавалі разам доўгія гады», — кажа яна.

Як праект будзе разьвівацца далей — Крыловіч спрагназаваць не бярэцца, бо шмат што будзе залежаць ад сытуацыі ў краіне і на рынку.

«За доўгія гады сваёй працы мы добра ведаем, што жыцьцё падносіць сюрпрызы, якія ніхто не чакае. Мы бачым свой рэсурс перш за ўсё аўтарскім, аналітычным і экспэртным. Даволі няпростая на сёньняшні дзень сытуацыя, але спадзяемся, што нам удасца палепшыць свае пазыцыі, павысіць пазнавальнасьць і наведвальнасьць», — падкрэсьлівае галоўны рэдактар belrynok.by.

Манёнак: «Пакрысе штосьці ў нас атрымоўваецца»

Аглядальнік belrynok.by, экспэрт у нафтагазавай галіне Тацяна Манёнак адзначыла ў інтэрвію Свабодзе, што новы праект пачынаўся ў вельмі цяжкіх умовах:

Тацяна Манёнак

«Вельмі няпросты быў час, і псыхалягічна было вельмі складана. Усё ж такі больш за 20 гадоў працы ў тыднёвіку „Белорусы и рынок“ — гэта вельмі вялікая частка жыцьця, шмат было ўкладзена здароўя і сілаў. Але мне здаецца, што пакрысе штосьці ў нас атрымоўваецца. Я чую вельмі неблагія водгукі пра сайт, і гэта таксама крышачку акрыляе і дае магчымасьць працягнуць тую працу, якую мы рабілі на працягу доўгага часу ў газэце „Белорусы и рынок“. Вядома, вельмі б хацелася разьвівацца, разьвівацца хутчэй. Я думаю, што тыя, хто чытае гэты сайт, яны будуць салідарныя са мной», — кажа яна.

Тацяна Манёнак лічыць, што адметная рыса праекту belrynok.by — у тым, што ён пабудаваны на аўтарскай журналістыцы, чаго цяпер у мэдыяпрасторы няшмат.

«Гэтым, мне здаецца, і газэта «Белорусы и рынок» пэўны час была адметная. Аўтарская журналістыка — даволі складаная справа сёньня, і гэта вялікая рэдкасьць — сустрэць сёньня менавіта такі сайт, са сваімі поглядамі, са сваёй пазыцыяй. Гэта галоўная адметнасьць — асэнсаваньне падзеяў праз асабістую пазыцыю журналіста«,— упэўнена яна.

Манёнак з сумам глядзіць на тое, як зьмянілася газэта «Белорусы и рынок» пасьля зьмены ўладальнікаў.

«Калі ў газэту прыйшлі новыя ўладальнікі, я была перакананая, што яны павінны зразумець, што ёсьць справа, якую мы рабілі на працягу доўгага часу, і гэта справа вельмі важная. Гэта ня проста асабісты капрыз таго ці іншага журналіста, і гэтую справу трэба разьвіваць. Мне здавалася, што ёсьць справа, якая вышэй за асабістыя амбіцыі, і яны павінны гэта зразумець. Шкада, што не зразумелі — і, шчыра прызнаюся, мне вельмі складана гаварыць пра лёс газэты, якая, як мне здаецца, страціла тыя пазыцыі, якія мела раней», — кажа яна.