Беларускую арганізацыю, якая змагаецца з разьмеркаваньнем студэнтаў, прынялі ў Эўрапейскі студэнцкі зьвяз

Старшыня Аб’яднаньня беларускіх студэнтаў «Брацтва арганізатараў студэнцкага самакіраваньня» Крысьціна Мурашова

Аб’яднаньне беларускіх студэнтаў «Брацтва арганізатараў студэнцкага самакіраваньня» (БАСС) стала 46-м сябрам Эўрапейскага студэнцкага зьвязу.

Пра гэта паведамляецца на сайце БАСС.

Рашэньне было прынята 1 сьнежня ў Гданьску, дзе адбываецца 71-е пасяджэньне найвышэйшага органа ESU (Эўрапейскі студэнцкі зьвяз) — Выканаўчага камітэту.

БАСС — другая студэнцкая арганізацыя зь Беларусі, якая стала паўнавартасным сябрам арганізацыі. У 1999 годзе ў ESU ўступіла «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў».

Эўрапейскі студэнцкі зьвяз — «парасонавая арганізацыя», якая аб’ядноўвае 46 нацыянальных студэнцкіх зьвязаў з 38 краін. Мэта ESU — прадстаўляць і прасоўваць адукацыйныя, сацыяльныя, эканамічныя і культурныя інтарэсы студэнтаў на эўрапейскім узроўні. Арганізацыя прадстаўляе інтарэсы каля 15 мільёнаў студэнтаў.

«Гэта вельмі важная падзея для нашай арганізацыі. Прыняцьце БАСС у ESU сьведчыць пра прызнаньне міжнароднай студэнцкай супольнасьцю. Дзякуючы сяброўству ў ESU мы зможам на міжнародным узроўні гаварыць пра дасягненьні і тэмы, якія цяпер хвалююць беларускіх студэнтаў, — кажа Крысьціна Мурашова, кіраўніца БАСС. — Уступленьню БАСС у ESU папярэднічала вялікая праца, якая вялася некалькі гадоў. Я ўдзячная ўсім валянтэрам арганізацыі, якія маюць дачыненьне да гэтай справы, бо гэта заслуга вялікай каманды».

Брацтва арганізатараў студэнцкага самакіраваньня паўстала ў 2012 годзе з ініцыятывы беларускіх студэнтаў. Сёньня арганізацыя актыўна займаецца праблемамі студэнцкага самакіраваньня, а таксама разьмеркаваньня выпускнікоў.