«Не зьбіраюся рабаваць сваіх дзяцей, каб сплаціць падатак», — у Баранавічах пратэставалі супраць дэкрэту «аб дармаедах»

Выступае Мікалай Чарнавус — малодшы

Некалькі дзясяткаў жыхароў Баранавічаў прыйшлі сёньня да мясцовай падатковай інспэкцыі, дзе ладзіўся збор подпісаў за адмену дэкрэту № 3 аб дармаедзтве. Актывісты перадалі сабраныя подпісы ў інспэкцыю, а таксама баранавіцкім дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

У Баранавічах подпісы за адмену гэтак званага «дармаедзкага» дэкрэту зьбіраюць Мікалай Чарнавус — старэйшы (Партыя БНФ) і Мікалай Чарнавус — малодшы (АГП). Сёньня актывісты заклікалі людзей сабрацца каля падатковай інспэкцыі і пакінуць свае подпісы пад зваротам.

Людзі зьбіраюцца каля інспэкцыі па падатках і зборах у Баранавічах

На акцыю каля інспэкцыі прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Як сказаў Мікалай Чарнавус — малодшы, подпісы зьбіраюцца ня толькі для інспэкцыі, іх маюць накіраваць і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў з Баранавічаў, і дэпутатцы, сябры АГП Ганны Канапацкай:

Мікалай Чарнавус — старэйшы прынёс подпісы, уклееныя ў вялікую кардонную «кнігу»

«Мы будзем зьвяртацца і да прэзыдэнта, і ў падатковую інспэкцыю, і да дэпутатаў, якія абраныя ад Баранавічаў. Гэта робіцца для таго, каб потым прэзыдэнт не сказаў, што ўсе задаволеныя, усё добра і народ згодны. Мы супраць, і мы хочам, каб улада, якая прыдумала гэты дэкрэт, ведала, што мы будзем змагацца».

Прысутныя на акцыі людзі выказвалі сваё абурэньне дэкрэтам № 3. Шмат хто з суразмоўцаў казаў, што страціў працу і ня можа цяпер яе знайсьці, іншыя — што пакуль маюць працу, але прыйшлі выказаць грамадзкую нязгоду з дэкрэтам.

Актывіст АГП Аляксандар Кабанаў зьбірае подпісы супраць дэкрэту № 3 каля падатковай інспэкцыі ў Баранавічах

«Самае першае ўзгадваньне гэтак званага дэкрэту аб „дармаедзтве“ прагучала з вуснаў былога прэмʼера, спадара Мясьніковіча. Як вядома, спадар Мясьніковіч валодае навуковай ступеньню доктара эканамічных навук. Назваць беларуса дармаедам — гэта па-за ўсялякай маральлю. І калі чалавек, які валодае навуковай ступеньню, ня можа нічога прыдумаць, то ці адпавядае ён сваёй службовай пасадзе?» — задаваўся пытаньнем жыхар Баранавічаў, які кажа, што не зьбіраецца «рабаваць сваіх дзяцей, каб сплаціць падатак», і гатовы нават пайсьці на суткі за яго нясплату.

Іншы суразмоўца, будаўнік, які застаўся бяз працы, сказаў, што, атрымаўшы «ліст шчасьця» пра неабходнасьць сплаціць 360 рублёў падатку, апратэставаў яго ў мясцовую падатковую інспэкцыю і мяркуе апратэстоўваць у вышэйшыя інстанцыі:

«Я не зьбіраюся плаціць невядома за што. Я працую часам у Расеі, але мне ня хочацца выяжджаць з краіны, пакідаць тут жонку, дзяцей... Але тут я працу знайсьці не магу. Бяз сэнсу шукаць у Баранавічах працу, прадпрыемствы становяцца, дзе такія завоблачныя сярэднія заробкі бяруцца? Колькі ў асабістых гутарках ні пытаю людзей — 500 рублёў ніхто не атрымлівае. А дзе бачылі заробкі ў 500 даляраў — я ня ведаю».

Агітацыйны білборд непадалёк ад баранавіцкай падатковай інспэкцыі

Як сказаў Свабодзе Мікалай Чарнавус — старэйшы, ён разам з сынам сабраў у Баранавічах больш за 700 подпісаў. Да падатковай інспэкцыі ён прыйшоў зь вялікай самаробнай «кнігай» з кардону, у якую ўклеены аркушы з подпісамі супраць дэкрэту аб «дармаедах».

Напрыканцы акцыі некалькі дзясяткаў подпісаў актывісты здалі ў падатковую інспэкцыю — як растлумачыў Чарнавус-малодшы, каб «абазначыць прысутнасьць незадаволеных гэтым дэкрэтам». Астатнія подпісы актывісты занесьлі баранавіцкім дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Вользе Палітыка і Тацьцяне Якубовіч.

Міліцыянт не дазволіў журналістам здымаць працэс здачы звароту з подпісамі

У часе здачы подпісаў у інспэкцыю здарыўся інцыдэнт зь міліцыянтам, які ахоўвае гэтую ўстанову. Міліцыянт забараняў прайсьці разам з Чарнавусамі журналістам, якія вялі відэазапіс акцыі.

Да інспэкцыі прыехалі міліцыянты

У выніку да інспэкцыі прыехаў аўтамабіль дэпартамэнту аховы. Журналістаў разам з Чарнавусамі так і не пусьцілі, подпісы актывісты панесьлі самі.

Дэлегацыя актывістаў нясе подпісы пад зваротам супраць дэкрэту аб «дармаедах» да Баранавіцкіх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў