Найбольшую колькасьць бананаў у Беларусь паставіла Расея. У першым паўгодзьдзі сёлета экспарт бананаў з Расеі ў Беларусь склаў 17,3 тысячы тон на суму 13,2 мільёна даляраў ЗША.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэту са спасылкай на статыстыку зьнешняга гандлю Беларусі.
Прычым расейскі імпарт бананаў склаў палову ўсяго імпарту ў Беларусь гэтай прадукцыі.
Значныя абʼёмы паставак бананаў у Беларусь з Расеі былі і ў папярэднія гады.
У 2015 годзе ўвезена 19 тысяч тон бананаў агульным коштам 14 мільёнаў даляраў ЗША.
На прэс-канфэрэнцыі ў Менску ў студзені мінулага году Аляксандар Лукашэнка, абмяркоўваючы сытуацыю зь імпартам, заявіў, што ён ня есьць бананы.
«Я бананы ня ем, і многія з вас таксама. Перабʼемся».
Пазьней Лукашэнка заявіў, што Ўладзімер Пуцін прапанаваў прафінансаваць фруктовыя сады ў Беларусі, сярод іншага для вырабу бананаў, каб потым іх пастаўляць у Расею.