Экс-кіраўніка ўраду Нагорнага Карабаху ў Баку пакаралі 20 гадамі пазбаўленьня волі

Рубэн Варданьян у судовай залі. Баку, сакавік 2025 году

Вайсковы суд у Баку пакараў 20 гадамі пазбаўленьня волі былога дзяржаўнага міністра непрызнанай Нагорна-Карабаскай рэспублікі (НКР), прадпрымальніка Рубэна Варданьяна.

Пра вырак паведамляе азэрбайджанскае дзяржаўнае агенцтва Azərtac.

Рубэну Варданьяну выставілі больш за 40 абвінавачаньняў, уключаючы «фінансаваньне тэрарызму», «стварэньне незаконных узброеных фармаваньняў», «незаконнае перасячэньне мяжы», а таксама «наўмыснае забойства» і «гвалтоўны захоп улады».

Варданьян віны не прызнаваў. Абвінавачаньне прасіла для яго пажыцьцёвы тэрмін зьняволеньня.

Варданьяна затрымалі 27 верасьня 2023 году на мяжы з Армэніяй пры спробе пакінуць Карабах, тэрыторыю якога цалкам вярнуў пад свой кантроль Азэрбайджан у выніку ваеннай апэрацыі.

Судовы працэс над Варданьянам і іншымі кіраўнікамі НКР пачаўся ў студзені 2025 году. Варданьян сьцьвярджаў, што сьледзтва і суд праходзяць з парушэньнямі: справу разглядае вайсковы трыбунал, абарона не атрымала поўнага доступу да матэрыялаў, а абвінавачаньне зьмяшчае «грубыя памылкі». У СІЗА ён двойчы абвяшчаў галадаваньне.

Азэрбайджанскі бок сьцьвярджае, што працэсуальныя правы Варданьяна, уключаючы абарону і выкарыстаньне мовы, якою ён валодае, былі цалкам забясьпечаныя.

Рубэн Варданьян — заснавальнік брокерскай кампаніі «Тройка Диалог» і бізнэс-школы «Сколково», раней уваходзіў у сьпіс найбагацейшых людзей Расеі. У 2022 годзе ён адмовіўся ад расейскага грамадзянства і пераехаў у Нагорна-Карабаскую рэспубліку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-кіраўніку ўраду Нагорнага Карабаху ў Баку выставілі 45 абвінавачаньняў