Ці насамрэч апошнія бортнікі Эўропы жывуць менавіта ў Беларусі?

Бортнік Іван Восіпаў

Бортніцтва — старадаўні лясны промысел, пачатковая форма культурнага пчалярства. Здаўна людзі разводзілі і ўтрымлівалі лясных пчолаў-баровак у штучных дуплах — борцях.

Разьвілося бортніцтва зь дзікага пчалярства, калі чалавек выпадкова, а пазьней і сьвядома знаходзіў пчаліныя гнёзды ў дуплах дрэваў, зьнішчаў агнём пчолаў і забіраў мёд. Паступова бортніцтва зьмянілася калодачным, а пасьля і рамовым пчалярствам. Аднак калоднае пчалярства захавала назву бортніцтва аж да сёньня, бо і выраб калодаў, і спосаб догляду пчолаў, і бортны інструмэнт, і тэрміналёгія засталіся ранейшыя. Розьніца толькі ў адным: борць выдзёўбвалі ў жывым дрэве, калоду-борць — у сьпілаваным.

Сёньня бортніцтва ў яго клясычным выглядзе амаль не сустракаецца (альбо сустракаецца спарадычна), у той час як калоднае бортніцтва яшчэ бытуе на Беларусі паралельна з рамовым. Паводле навукоўцаў, у Эўропе яно захавалася толькі ў Беларусі.

Дык чаму менавіта Беларусь — апошняя краіна ў Эўропе, дзе яшчэ засталіся бортнікі? Мы гутарым з сучасным беларускім бортнікам старых традыцыяў Іванам Восіпавым.

Вячаслаў Ракіцкі: Ці сапраўды ў Беларусі яшчэ бортнікі засталіся? І ці ў Беларусі гэта жывы промысел? А мо існуе толькі як музэйны экспанат ці як атракцыён для турыстаў?

Іван Восіпаў: Так, можна сказаць, што ў Беларусі засталіся менавіта апошнія спадчынныя бортнікі. Гэта значыць, што традыцыя не перарывалася ўжо на працягу пяцісот і больш гадоў. І самае галоўнае тое, што гэтыя людзі на працягу ўсіх стагодзьдзяў несьлі сапраўдную традыцыю, абрады і свой уласны сьветагляд.

Ракіцкі: У якіх рэгіёнах і чаму менавіта там засталіся бортнікі старых традыцыяў?

Восіпаў: Галоўны рэгіён, дзе захоўваецца гэты скарб, — гэта Палесьсе, бо менавіта там людзі менш спазналі сучасны ўплыў цывілізацыі. Хоць, як паказваюць мае назіраньні, бортная спадчына засталася ва ўсіх рэгіёнах. Пра гэта можна даведацца праз знойдзеныя калоды, фатаздымкі, прылады і проста ўспаміны.

Ракіцкі: А мо гэта ня бортнікі, а ўсё ж пчаляры? І чым яны паміж сабою адрозьніваюцца?

Восіпаў: Сёньня, вядома, мала хто адразу адкажа на гэтае пытаньне, дый самі бортнікі сёньня сябе так не называюць. Калі казаць проста, то гэта ўсё ж пчаляры. Калі казаць больш правільна, то гэта людзі, якія займаюцца доглядам і аховай дзікіх пчолаў у лесе, то бок займаюцца бортным промыслам. Калі казаць па-філязофску, то бортнікі — гэта адны з галоўных жыхароў традыцыйнага грамадзтва і лесу.

Ракіцкі: А чаму існуе меркаваньне, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе яшчэ ёсьць бортнікі? Дарэчы, хто так лічыць?

Восіпаў: Тут хутчэй ёсьць некалькі акалічнасьцяў, і ўсе яны зьвязаныя або з нашай роднай зямлёй, або зь людзьмі, якія спрадвеку насялілі гэтыя землі. Але калі разьбірацца глыбей, то я вылучыў бы наступныя прычыны.

Найперш — геаграфічныя ўмовы. Няхай мы ня маем выйсьця да мора, але ў нас хапае сваіх акіянаў — балотаў і лясоў. Не паверыце, але наша месцазнаходжаньне самае што ні на ёсьць спрыяльнае для лясных дзікіх пчолаў, бо са старажытных часоў тэрыторыя краіны была пакрытая або лясамі, або балотамі, або рачнымі лугамі.

Другое — гэта гісторыя са сваім залатым векам бортнага промыслу. Ужо ў XV–XVI стагодзьдзях бортніцтва стала вылучацца як самастойная і ўстойлівая галіна эканомікі цэлай краіны (Вялікага Княства Літоўскага) і прыносіла карысьці больш, чым дрэваапрацоўчыя промыслы. Вось, да прыкладу, я нядаўна падлічыў, што 500 год таму з трох мытных камораў (гэта ня ўсе мытныя каморы ВКЛ) штогод вывозілася каля 42 тысяч тон мёду ў сотах, а сёньня гэтая лічба ў 5000 разоў меншая — усяго 9 тон. Калі пералічыць 500-гадовы экспарт паводле сёньняшніх коштаў, то гэта амаль што 1 мільярд даляраў штогод, а калі браць старасьвецкія кошты і каштоўнасьць мёду і воску — то лічбы будуць яшчэ большыя, неверагодныя.

Яшчэ адной прычынай сталі людзі, канечне, бортнікі, бо яны старанна прытрымліваліся тых традыцыяў, што, як кажуць, за дзядамі-прадзедамі былі. Вось гэтая шалёнасьць і прагнасьць да пчолаў і лесу дазволіла захоўваць промысел аж да сёньняшняга часу.

Зьлева: бортнік каля калоды падчас зьбіраньня мёду. Справа: бортнік фіксуе калоду на дрэве (адбываецца працэс «заляжоўваньня»)

Ракіцкі: І сапраўды толькі ў Беларусі засталіся бортнікі?

Восіпаў: Каб не пакрыўдзіць нікога, а сказаць чыстую праўду, то, канечне, спадчынныя бортнікі засталіся ва Ўкраіне (гэта Палесьсе) і, самае цікавае, у Башкірыі. Але тут трэба разумець, што ня толькі апошнія бортнікі, але і традыцыі, і ўвесь бортны сьвет застаўся ў Беларусі. (У Башкірыі традыцыі хоць і блізкія, але ад нашых адрозьніваюцца.) І вось што парадаксальна: мы маем гэтую каштоўнасьць на сваёй зямлі, а нам пра яе расказваюць замежныя госьці. Зусім нядаўна адбылася фотавыстава польскага фатографа, якая так і называецца — «Апошнія бортнікі Эўропы, зь якімі я пазнаёміўся». І атрымалася, што матар’ял сабраны збольшага ў Беларусі, на памежжы з украінскім Палесьсем.

Ракіцкі: А чаму зьніклі бортнікі ў іншых краінах Эўропы?

Восіпаў: А гэта вельмі проста: дзе няма лесу — там няма бортніцтва і, натуральна, бортнікаў. З гістарычных крыніцаў вядома, што з XV стагодзьдзя ў Эўропе амаль не засталося старых пушчаў і пракаветных лясоў, і з таго самага XV стагодзьдзя ўся Эўропа завозіла лес з тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Калі лясоў ня стала, то і промысел не маглі спадчынныя бортнікі перадаць нашчадкам. Нашай краіне пашанцавала нашмат больш, бо захаваліся пракаветныя лясы, насамрэч лясістыя тэрыторыі.

Ракіцкі: У мінулым гэты промысел уласьцівы быў для ўсёй Эўропы ці толькі для пэўнай яе часткі?

Восіпаў: Канечне, вядомыя старажытнаэўрапейскія гравюры ды апісаньні бортніцтва па ўсёй Эўропе. Нават больш — гэты промысел быў знаны ад самага Міжземнага мора і аж да Белага мора (Вараскага мора). Там жа, дзе не было лясоў, пчолы сяліліся ў скалах (у пячорах) — таму іх можна было сустрэць у Грэцыі, Італіі, Турэччыне і іншых краінах. І там сёньня пчолаў можна сустрэць, аднак бяз бортнікаў.

Ракіцкі: А наколькі гэта старажытны, старадаўні занятак для беларусаў?

Восіпаў: Такое ўражаньне, што спачатку зьявіліся бортнікі, а потым ужо беларусы. Бортніцтва прайшло некалькі эвалюцыйных этапаў. Першы, самы старажытны — гэта вышук дзікіх пчолаў і збор мёду (зьбіральніцтва), потым чалавек пачаў вырабляць штучныя дуплы (борці), а ўжо потым калоды. Вось і атрымліваецца, што занятак гэты для беларусаў такі ж самы старажытны, як і яны самі.

Ракіцкі: Колькі вас, бортнікаў, сёньня засталося? Ці можна палічыць?

Восіпаў: Вось што я вам скажу: пералічыць іх цяжка, але, паводле маіх сьведчаньняў, ня больш за 200 спадчынных бортнікаў. І з кожным годам іх больш не стае, толькі менее. Адно толькі радуе, што сярод спадчынных бортнікаў сустракаюцца як дзяды-бортнікі, гэтак і дзядзькі-бортнікі.

За працай: пляценьне лязева, апошняя падрыхтоўка, каб лезьці на дрэва

Ракіцкі: Хто яны, гэтыя людзі — бортнікі, сёньня?

Восіпаў: Самае цікавае, што і сёньня, і сто, і нават больш за сто гадоў бортнікі не мяняюцца. Паглядзіш на маладога ці старога — а яны аднолькавыя. Вось які прыклад прывяду: 500 гадоў таму бортнікаў абіралі асочнікамі ў пушчы, бо лічылася, што бортнік больш за ўсіх ведае лес і дзікіх жывёлаў. А сёньня амаль кожны бортнік — добры паляўнічы (пра некаторых чуткі ходзяць, што можа любога зьвера высачыць і ўпаляваць: хоць куніцу, хоць самога мядзьведзя).

Сёньня і раней бортнікі — гэта хворыя (як казаў ужо ў вашых перадачах Уладзімер Лобач пра лясную хваробу) людзі, толькі хварэюць больш цяжка — на бортную хваробу. Зараз я вам сымптомы абазначу, а вы самі глядзіце: калі вы пачалі найперш лазіць, а потым хадзіць; калі ня можаце бязь лесу жыць — усё цягне вас у лес (ды не ў грыбы і ягады, а так проста); калі заўсёды назіраеце наўкол сябе (прыслухоўваецеся да гукаў, прыглядаецеся да птушак, зьвяроў, інсэктаў і іншых), калі гаворыце з кожным сустрэтым дрэвам і птушкай; калі хочацца злавіць лася або куніцу. Гэта, канечне, можа сьмешным падацца, але калі з бортнікамі пачынаеш размаўляць, дык адчуваеш, што хворыя яны на бортную хваробу.

Ракіцкі: Вы таксама займаецеся бортніцтвам. Чаму? Навошта гэта вам? І другое. Вы называеце сябе сучасным бортнікам старых традыцыяў. Як гэта зразумець?

Восіпаў: Я прытрымліваюся традыцыяў, якія цалкам натуральныя для бортніцтва старажытнасьці і якія, па сутнасьці, дапаўняюць мой уласны сьветагляд. Вырас я ў вясковым асяродзьдзі са сваімі няпісанымі законамі і ўспрыманьнем сьвету, і калі пачынаў знаёміцца з бортніцтвам, то адчуў, што гэта маё, вельмі блізкае мне. Чым больш паглыбляўся, тым больш пачаў разумець простыя рэчы: чалавек павінен выбудоўваць сябе сам такім чынам, каб не нашкодзіць самому сабе і несьці сьцяг сваіх продкаў, быць прыкладам сваім нашчадкам. У бортніцтве я прытрымліваюся традыцыяў, пераасэнсоўваю іх і пераношу ў сучаснасьць. Што гэта азначае? Карыстаньне старымі тэхнікамі, спосабамі, прыладамі, а таксама і нормамі паводзінаў, і правіламі догляду і ўтрыманьня пчолаў.

Ракіцкі: Ёсьць жа сучасныя тэхналёгіі. Чаму вы не карыстаецеся імі?

Восіпаў: Магчыма, таму, што сучасныя тэхналёгіі не дазваляюць зразумець каштоўнасьць. Вось паглядзіце: можна зрабіць калоду сучаснымі інструмэнтамі, а можна ўласнымі рукамі і пяшнёй. І, ведаеце, выглядаць яны будуць аднолькава, але сваімі рукамі зробленая нібыта цяплейшай ды мілейшай будзе. Можна ўзяць спэцвопратку і альпінісцкае абсталяваньне і ня лазіць на дрэва з дапамогай лязіва. Але калі лязіва выкарыстоўваеш, то і думаеш па-іншаму, і адчуваньне іншае. Такое ўражаньне, што чуеш, як дыхае дрэва. А да таго ж, калі займаесься бортніцтвам, то адчуваеш неверагоднае — тэхналёгіі тысячагадовай даўніны працуюць і сёньня! Старыя тэхнікі і старыя традыцыі нібыта яднаюць разам увесь сьвет, чалавека і прыроду.

Ракіцкі: Бортнікі валодаюць нейкімі спэцыфічнымі рысамі характару? Гэта людзі своеасаблівага псыхалягічнага складу?

Восіпаў: Калі вельмі коратка — то бортнікам уласьцівыя самыя лепшыя чалавечыя якасьці: працавітасьць, дабрыня, адказнасьць, сьмеласьць і іншыя. Гэта калі перакладаць на сёньняшні манер. Калі ж казаць пра тыя рысы, якія выхоўвае бортніцтва, — то гэта назіральнасьць (высочваць ня толькі жывёлаў, але пчолаў, назіраць за ўсім лесам і асобнымі дрэвамі — гэта такі неміталягічны лесавік, які лес добра ведае і адчувае яго настрой); а таксама павага ня толькі да старэйшага, але і да жывых істотаў, звычаёвых бортных нормаў, традыцыяў і абрадаў. Вось глядзіце: калі бортнік пабачыць пчалу ў бядзе, то абавязкова яе будзе ратаваць (няхай яна ўсяго адна будзе), бортнік спрабуе мінімальна пашкодзіць дрэва (нават галінку зламаць баіцца), бо лічыць, што дрэву ад гэтага горш будзе; бортнік ня пойдзе па мёд у сьвяточны дзень, а таксама калі забудзецца ўзяць хлеб, які кладзе ля бортнага дрэва. Расказваў мне адзін бортнік, што аднойчы паехаў ён далёка па мёд, прыехаў, аж глядзіць, што забыўся хлеб узяць — дык завярнуўся ды паехаў дахаты. Таксама бортнікі гасьцінныя — бо калі сустракаюць чалавека ў лесе (няма розьніцы, знаёмы ён або не), частуюць мёдам.

Бортнік падымаецца на дрэва пры дапамозе лязева

Ракіцкі: Ці ёсьць розьніца ў смаку мёду, здабытага бортнікамі, і мёду, так бы мовіць, здабытага культурнымі пчалярамі?

Восіпаў (усьміхаецца): Канечне, розьніца ёсьць. Першае — яго мала, ад таго ён каштоўны, па-другое — ты ясі тое ж самае, што і пчала можа есьці. Трэцяе — ніколі не вядома, з чаго мёд сабраны. А самае цікавае — толькі сёньня можна даведацца пра гэта — бортны мёд не акісьлены кіслародам (бо запячатаны воскам). Да таго ж ён не праходзіць празь медагонку. І, можа, апошняе — вялікая розьніца паміж мёдам пасьля доўгай працы і часу чаканьня, калі пчала села ў калоды, нанасіла столькі мёду, што хопіць і ёй, і чалавеку.

Ракіцкі: Сучасныя бортнікі, улучна з вамі, займаюцца бортніцтвам прафэсійна, жывуць са здабытага мёду — ці гэта на ўзроўні хобі?

Восіпаў: Тут вельмі важна зразумець, што бортнік не здабывае мёд увогуле! Яго здабывае пчала, а бортнік як служка: калі пчала дазволіць узяць мёду, то бярэ сабе трохі. Аднойчы мы так з бортнікам палезьлі да адной калоды, дык пчолы так моцна джалілі, што прыйшлося разьвярнуцца ды ісьці ў іншае месца. І гэта цалкам натуральна. Як кажуць на Палесьсі, «каб мёду есьці, трэ калод дзьвесьці — не ў адном месцы».

Да таго ж ня кожны год нават бортнік зь мёдам: сёлета мёду бортнікам не хапіла, ўсё было пакінута для пчол.

Я яшчэ што скажу: калісьці спытаў у старога пчаляра (у якога дзед быў бортнікам) пра калоды і вульлі рамовыя, дык ён адказаў так: «Калоды — етае для пчолаў, а вульлі ўжэ для людзей». Для сучасных спадчынных бортнікаў промысел — гэта звычай, гэта традыцыя сям’і і нават больш — грамады. Гэта частка іх штодзённага жыцьця. Гэта спадчына, якую яны атрымалі ад сваіх бацькоў. Што тычыцца мяне, дык я нарэшце вярнуў тое, што было з гадамі забыта, так бы мовіць, вярнуў тое, што ў крыві заўсёды жыло. І занятак гэты стаў своеасаблівым стылем жыцьця, адмысловай школай выхаваньня сябе як асобы, як годнага нашчадка сваіх дзядоў і як прыклад сваім нашчадкам. А самае галоўнае, няхай зь мёду не пражыць, але больш каштоўнае — гэта адчуваць сябе часткай жывога сусьвету. І паступова пачынаеш успрымаць занятак як нешта большае, што ператвараецца ў традыцыю сям’і і традыцыю зямлі.

Ракіцкі: Навыкі бортніцтва перадаваліся ў спадчыну?

Восіпаў: Ня проста ў спадчыну, бортніцтва лічылася таямнічым промыслам. Таму бортнікі былі асьцярожныя ня толькі калі займаліся, але і калі навучалі. Вядома, спадчынна з самага маленства дзед або бацька навучалі бортніцтву. Навучалі назіраць за лесам, сачыць за пчоламі, выконваць простыя правілы, а таксама прытрымлівацца абрадаў і традыцыяў. Канечне, навучаньне гэтае было ня простае, і, канечне, цягнулася, ажно пакуль бацька не перадасьць усю спадчыну спадкаемцу. Калі казаць сёньняшняй мовай, то гэта нагадвае фільмы пра шаўліньскіх майстроў, якія навучаюцца адзінаборству на працягу некалькіх дзясяткаў год. У бортніцтве спадчына — гэта ня толькі веды, але і прылады, калоды, нават месцы, дзе можна ставіць калоды, і, канечне, бортныя дрэвы.

Ракіцкі: Беларусь — апошняя краіна, дзе яшчэ займаюцца бортніцтвам. Пра што гэта сьведчыць? Пра тое, што беларусы — нацыя кансэрватыўная, што беларусы — традыцыяналісты?

Восіпаў: Гэта сьведчыць у першую чаргу, што нашы сувязі з прыродай і лесам настолькі моцныя, што часам думаеш: а ці беларусы ад малпаў пайшлі, ці можа, усё ж ад мядзьведзя?! Самі паглядзіце: як зіма прыходзіць — пачынаем спаць хацець, як вясна — прачынаемся. Як пчалу пабачым — дык пачынаем махаць рукамі, як мядзьведзь, лапамі, ды нос свой хаваць. Гэта мо і жарты, а мо і праўда? А беларусы, сапраўды, як дубы сядзяць і каранямі трымаюцца моцна сваіх традыцыяў, а больш нормаў і законаў няпісаных. Ад таго беларусы лічацца працавітымі, адказнымі і добрымі.

Ракіцкі: Ці можна сьцьвярджаць, што бортніцтва — важны элемэнт культуры беларусаў?

Восіпаў: Я б нават больш сказаў, гэта частка кожнага беларуса. Спытаеце: чаму? Ды ўсё вельмі проста: бортніцтва мела такі вялікі ўплыў, што ім займаліся ня толькі сяляне (вясковая грамада), але і гараджане. Глядзіце, яшчэ 150 год таму амаль 80% насельніцтва пражывала ў вёсцы. Амаль у кожнай вёсцы былі свае бортнікі (вядома, былі выключэньні, калі вёска знаходзілася ў месцы, дзе лесу на дзясяткі кілямэтраў няма). Калі паглядзець яшчэ глыбей, то ў Сярэднявеччы гарады мелі свае бортныя цэхі, і местачкоўцы, можна сказаць, займаліся бортніцтвам. А калі ўлічыць, што бортніцтва было крыніцай атрыманьня воску, зь якога выраблялі сьвечкі ў касьцёлы, цэрквы, то амаль кожны чалавек дакранаўся да бортнага промыслу, адчуваў яго пах. Бортніцтва за сваю доўгую гісторыю стварыла своеасаблівую супольнасьць людзей, нашчадкі якіх жывуць і сёньня, толькі ня ўсім пашчасьціла пабачыць сваіх продкаў-бортнікаў.