Шумчанка: Акрамя барацьбы, я нічога людзям прапанаваць не магу

Анатоль Шумчанка падчас страйку прадпрымальнікаў у 2013 годзе

Улады не зьбіраюцца ісьці на саступкі індывідуальным прадпрымальнікам у пытаньні рэалізацыі тавараў без пацьвярджальных дакумэнтаў.

Такую выснову робіць лідэр грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка па выніках сустрэчы з намесьнікам міністра эканомікі Ірынай Касьцевіч.

«Рашэньне грунтуецца на пазыцыі Лукашэнкі. Гэта выключна яго рашэньне, на падставе якога ўсе галіны ўлады і будуць дзейнічаць. Калі я спытаў, ці ёсьць у іх плян Б, што яны будуць рабіць, калі пасьля 1 студзеня прадпрымальнікі ня змогуць працаваць, ня змогуць плаціць падаткі — на гэта было адказана, што адыходу ад гэтых пазыцыяў ня будзе, прадпрымальнікі павінны перабудоўвацца, шукаць, магчыма, іншыя формы працы з партнэрамі. Увогуле, вынікі несуцяшальныя, і акрамя барацьбы, я нічога людзям прапанаваць не магу. Я людзям на сустрэчах кажу шчыра і адкрыта: можаш працаваць пасьля 1 студзеня — працуй. Калі ня можаш — змагайся. Вось і ўсё. А як змагацца... Вы ведаеце, ёсьць шмат спосабаў. Усё будзе залежаць ад канкрэтнай сытуацыі.

Сёньня трэба зьвяртацца да нашага грамадзтва па падтрымку. Таму што я ня ведаю, як даказаць уладзе, што малы бізнэс зьнішчаецца і што ён патрэбны — патрэбны асабліва сёньня, калі цяжкая эканамічная сытуацыя», — кажа ён.

Зь іншага боку, Шумчанка прызнае, што ўлады ўсё ж такі не адмаўляюцца ад камунікацыі з прадстаўнікамі малога бізнэсу. Іншая справа, што ўрад і мясцовыя чыноўнікі ўсё роўна ня могуць паўплываць на сытуацыю.

«Таму „цар добры, баяры дрэнныя“ — гэтая прымаўка сёньня цалкам недарэчная. Цар усё ведае. Да ўраду і мясцовых чыноўнікаў на сёньняшні дзень зьвяртацца можна, але яны ўплываць на сытуацыю ня могуць», — кажа ён.

30 сакавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 143, які падаўжае да 1 студзеня 2016 году пераходны пэрыяд, цягам якога індывідуальныя прадпрымальнікі могуць рэалізаваць рэшткі тавараў, увезеных без пацьвярджальных дакумэнтаў.