«Міжнародная амністыя» асудзіла Менск за рэпрэсіі супраць «Вясны»

Вясна пакідае офіс, які займала апошнія 12 гадоў.

Аўтарытэтная міжнародная арганізацыя назвала высяленьне «Вясны» зь менскага офісу «абуральным парушэньнем міжнародных абавязацельстваў Беларусі ў галіне правоў чалавека».

«Канфіскацыя офіса праваабарончага цэнтра» Вясна «зьяўляецца абуральным парушэньнем міжнародных абавязацельстваў Беларусі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку права на свабоду асацыяцый», — заявіў 26 лістапада намесьнік дырэктара праграм для Эўропы і Цэнтральнай Азіі праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя» Давід Дыяс-Жож’е.

Яго заява стала рэакцыяй на высяленьне «Вясны» зь менскага офісу, у якім праваабаронцы працавалі апошнія 12 гадоў.

«Права на аб’яднаньне — асноўнае права чалавека і нарожны камень любога дэмакратычнага грамадзтва. Беларуская Канстытуцыя гарантуе кожнаму права на свабоду сходаў, але штодня мы бачым, што права на свабоду асацыяцыяў, сходаў і выказваньне меркаваньняў парушаюцца ў Беларусі», — заявіў Дыяс-Жож’е.

Ён таксама паведаміў, што 10 кастрычніка беларускія ўлады ўпершыню з 1990 года адмовілі ў выдачы ўязной візы прадстаўніку «Міжнароднай амністыі».

Намесьнік дырэктара праграм «Міжнароднай амністыі» адзначыў, што канфіскацыя офісу «Вясны» адбылася «на фоне пагаршэньня умоваў дзейнасьці для тых, хто займаецца абаронай правоў чалавека ў Беларусі».