Актывіст патрабуе ад КДБ пакараць удзельнікаў шэсьця з расейскімі сьцягамі ў Магілёве

Уладзімер Шанцаў

Старшыня абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў патрабуе ад магілёўскай пракуратуры і ўпраўленьня КДБ па Магілёўскай вобласьці выявіць і прыцягнуць да адказнасьці «невядомых сяброў БРСМ», якія несьлі па вуліцы Першамайскай у абласным цэнтры сьцягі Расеі.

Актывіст угледзеў ва ўчынку маладых людзей «публічнае дзеяньне ў выглядзе дэманстрацыі, скіраванае на прычыненьне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

У сваіх скаргах у пракуратуру і КДБ Уладзімер Шанцаў спасылаецца на паведамленьні ў шэрагу недзяржаўных мэдыяў, якія апублікавалі фота з калёнай маладых людзей, што несьлі расійскія сьцягі.

«Удзельнікі шэсьця, былі апранутыя ў чырвона-зялёныя строі. На адзежы было напісана «БРСМ», — піша партыец, спасылаючыся на мэдыйныя матэрыялы.

«Гэта пагроза нацыянальнай бясьпецы. З гэтага пачынаўся сэпаратысцкі рух ва Ўкраіне. Там таксама былі спачатку бяскрыўдныя шэсьці, а скончылася ўсё вайной», — пракамэнтаваў Свабодзе сваю пазыцыю Ўладзімер Шанцаў.