20 гадоў дакладу пра карупцыю ў атачэньні Лукашэнкі і белым плямам у газэтах

Сяргей Антончык, архіўнае фота

20 гадоў таму — 20 сьнежня 1994 году — дэпутат апазыцыі Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце Беларусі 12-га скліканьня Сяргей Антончык выступіў з дакладам пра карупцыю ў атачэньні Лукашэнкі. Сёньня з гэтай нагоды Партыя БНФ правяла круглы стол «20 год дакладу Антончыка: у замкнёным коле барацьбы з карупцыяй».

Сяргей Антончык дагэтуль упэўнены: менавіта даклад аб карупцыі дэпутата Вярхоўнага Савету Аляксандра Лукашэнкі адкрыў таму шлях у прэзыдэнты. Але дакладчыкам Лукашэнка стаў выпадкова. Паводле Антончыка, першапачаткова антыкарупцыйную парлямэнцкую камісію павінен быў ачоліць дэпутат Міхаіл Марыніч. Гэту вэрсію пацьвердзіў і яшчэ адзін удзельнік круглага стала тагачасны дэпутат Анатоль Лябедзька. Аднак нечакана Марыніч адмовіўся. Тады прапанавалі кандыдатуру яшчэ аднаго парлямэнтара — Яўгена Глушкевіча. Але і той не захацеў ачольваць камісію. І толькі пасьля гэтага кіраваць ёй зацьвердзілі Аляксандра Лукашэнку.

Сяргей Антончык узгадвае, што пасьля дакладу Лукашэнкі яго рэйтынг стаў зашкальваць, і гэта ўлічылі расейскія спэцслужбы:

«Пасьля дакладу расейскія спэцслужбы правялі вялікі маніторынг на тэрыторыі Беларусі. І ўбачылі, што Лукашэнка мае вялізную падтрымку з боку людзей. Яго рэйтынг пасьля дакладу ў Вярхоўным Савеце зашкальваў. І тады расейскія спэцслужбы вырашылі падтрымліваць не прэм’ера Кебіча, які тады выглядаў цалкам палітычным банкрутам, а Лукашэнку».

Лукашэнка, паводле Сяргея Антончыка, вельмі супраціўляўся новаму антыкарупцыйнаму дакладу. Бо ён разумеў, якая гэта магутная сіла. А вось былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч гэтага не ацаніў і пралічыўся, — заявіў удзельнік круглага стала палітоляг Уладзімер Падгол:

«За год да выступу Лукашэнкі быў падрыхтаваны даклад аб карупцыі ў органах выканаўчай улады і прапанаваны Шушкевічу. І Шушкевіч доўгі час курыраваў падрыхтоўку гэтага дакладу. Вось гэта абсалютна невядомы факт.

Газэты, якія вырашылі надрукаваць даклад Сяргея Антончыка, выйшлі зь белымі плямамі

І ўрэшце Шушкевічу быў падрыхтаваны вялікі том. Усе факты былі правераныя супрацоўнікамі сілавых структур. Дзясяткі разоў былі правераныя факты, якія паказвалі ўсю сыстэму карупцыі.

І была дамоўленасьць, што гэта даклад Шушкевіч агучыць на рэспубліканскай нарадзе пракурораў і судзьдзяў. Шушкевіч выйшаў на трыбуну. І з гэтага дакладу прачытаў пяцірадковы абзац. Усё — кропка!.

Калі я пасьля пытаў яго: што ж вы зрабілі? Вы ж сталі б прэзыдэнтам пасьля гэтага дакладу. Ён адказаў: ну, не, так нельга. Трэба быць добрымі і з выканаўчай уладай. Я не хачу корпацца ў гэтым брудзе...»

Сёньня апазыцыя змагаецца з карупцыяй інакш, чым 20 гадоў таму. Так, партыя БНФ распрацавала плятформу, дзе шмат гаворыцца пра карупцыю. Шэраг дэмакратычных структураў будзе сыстэмна змагацца з карупцыяй, — заявіў Анатоль Лябедзька:.

«Антыкарупцыйны даклад можа ўзарваць сытуацыю, можа даць шмат палітычных ачкоў. Але даклад — не зусім эфэктыўная зброя для вырашэньня кардынальнай праблемы карупцыі ў нашай краіне. І тое, што мы цяпер робім спробу падыйсьці да гэтай праблемы сыстэмна, што мы не пайшлі па шляху стварэньня чарговага дакладу, — я лічу, мы робім правільна».

На гэтыя словы Лябедзькі Антончык рэзка запярэчыў. Ён сказаў, што ўсялякія плятформы і праграмы ёсьць імітацыяй барацьбы з карупцыяй з боку апазыцыі. Але старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі пярэчаньняў былога калегі па парлямэнце не пачуў. Адразу пасьля свайго выступу Лябедзька сышоў з круглага стала. Ён сьпяшаўся ў Магілёў, дзе сёньня ўвечары дэмакратычная грамадзкасьць абмяркоўвае плятформу барацьбы з карупцыяй.