Дэмакраты просяць Эўрапарлямэнт зьменшыць кошт візаў

Спэцыяльны зварот да кожнага з амаль 800 дэпутатаў Эўрапарлямэнту падрыхтаваў прэзыдыюм Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі.

Пра гэта Радыё Свабода паведаміў сустаршыня Палітрады Анатоль Лябедзька:. “Зараз мы завяршаем пераклад звароту на ангельскую мову і адначасова ўдакладняем электронныя адрасы усіх парлямэнтароў. Сёньня гэты дакумэнт будзе накіраваны ў Брусэль”.

Беларускія дэмакраты просяць кожнага эўрапейскага парлямэнтара падтрымаць ініцыятыву іх літоўскага калегі Юстаса Палецкіса, які ініцыяваў збор подпісаў за зьмяншэньне кошту шэнгенскіх візаў для жыхароў Беларусі.

Для таго, каб Эўрапарлямэнт уключыў у парадак дня пытаньне пра зьмяншэньне коштаў шэнгенскіх візаў для беларусаў, патрэбна, каб ініцыятыву спадара Палецкіса падтрымалі ня менш за 392 дэпутаты.