Сёньня судзьдзя Гомельскага абласнога суду Дзьмітры Улога адхіліў скаргу рэчыцкага актывіста руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”, кіраўніка рэгіянальнай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Алега Шабетніка на пакараньне пяцьцю суткамі арышту й штрафам у памеры 700 тысячаў рублёў.
Актывіст і адзін з заяўнікаў мітынгу прадпрымальнікаў у Менску быў затрыманы 9 студзеня позна ўвечары па дарозе дадому. Раніцай ён меўся ехаць у сталіцу на акцыю пратэсту.
Участковы інспэктар Рэчыцкага райаддзелу міліцыі Дзяніс Ніканенка абвінаваціў спадара Шабетніка ў брыдкаслоўі й непадпарадкаваньні міліцыі.
Абласны суд адхіліў усе аргумэнты Алега Шабетніка – і што брыдкасловіць ён ня мог фізычна, бо, калі да яго падышоў участковы міліцыянт, ён размаўляў па мабільным тэлефоне зь менскім знаёмым, і што ніякіх сьведкаў на пустой вуліцы не было. Гаворыць Алег Шабетнік:
“Будзем усё роўна змагацца, бо працаваць так немагчыма. Сёньня мне патэлефанавалі з Рэчыцы й сказалі, што зь першага сакавіка забароняць нам абуткам гандляваць У суседнім Сьветлагорску ўжо забаранілі гандляваць на рынку касмэтыкай. Людзей выжываюць і не даюць працаваць. А што нас штрафуюць і саджаюць, мусіць, такі наш лёс. Будзем і надалей працаваць і змагацца, не адступім ні на паўкроку. За намі нашы сем’і, дзеці – іх трэба карміць, апранаць, вучыць”.
Нагадаем, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Алега Шабетніка трымалі за кратамі амаль трое сутак і пакаралі буйным штрафам.