Валянцін Акудовіч: “Усё расьцячэцца, суцішыцца...”

Як прадпрымальнікі і грамадзкія дзеячы ацэньваюць акцыю пратэсту 21 студзеня?
І
ндывідуальныя прадпрымальнікі правялі 21 студзеня чарговую акцыю пратэсту. Нагадаем, першы мітынг пратэсту адбыўся 10 сьнежня, другі – 10 студзеня. Пасьля абедзьвюх акцыяў ў Менску былі затрыманыя і асуджаныя дзесяткі лідэраў прадпрымальніцкага руху, грамадзкіх актывістаў.
Адзін зь лідэраў незарэгістраванага руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Крываль адзначае важны аспэкт: патрабаваньні з эканамічнага рэчышча пераходзяць у палітычнае:
«Я задаволены, мы зрабілі максымум, што маглі. Увесь час баяцца немагчыма. Мы бачым, што ёсьць рэальныя магчымасьці ўрэгуляваць сытуацыю, але ўлада на гэта не ідзе. Прыйшоў час – а мы аб гэтым папярэджвалі: спачатку патрабаваньні нашы былі ў эканамічнай плоскасьці, але паступова яны пераплываць у ранг палітычны – і вы бачыце, што гэта так».
Філёзаф Валянцін Акудовіч узгадаў з гэтай нагоды клясыкаў марксізму-ленінізму. Але ён ня лячыць, што ў прадпрымальнікаў кардынальна мяняецца самасьвядомасьць:
«Эканамічныя патрабаваньні рана ці позна зьмяняюцца палітычнымі. Напэўна, тут нічога не мяняецца. Іншая рэч, гэта наўрад ці зьвязана з самасьвядомасьцю. Хутчэй за ўсё, пераход да палітычных лёзунгаў азначае толькі адно: менавіта паразу эканамічных патрабаваньняў, бясьсільле прадпрымальнікаў дабіцца таго, чаго яны хацелі. Гэта проста акт адчаю, а не зьмена ў самасьвядомасьці».
Ці будзе працяг акцыяў пратэсту прадпрымальнікаў? Прадпрымальнік з Узды Віктар Крываль кажа:
«Мы стварылі аргкамітэт па скліканьні дэмакратычнага форуму-2008 «За свабоду і прадпрымальніцтва». Пад гэты форум актывізуюцца і іншыя сацыяльныя групы. Абавязкова. 28 студзеня замест таго, каб прыйсьці і заплаціць падатак, прадпрымальнікі на месцах прыйдуць да гарадзкіх і раённых адміністрацый. А наступная акцыя адбудзецца на Кастрычніцкай плошчы 18 лютага».
У філёзафа Валянціна Акудовіча, які сам ня раз удзельнічаў у розных акцыях пратэсту, энтузіязму крыху менш:
«Усё гэта расьцячэцца, суцішыцца і ўвойдзе ў той фармат, які прапаноўвае ўрад ваярам за свой бізнэс. Ня думаю, што зь цягам часу яны зноў зьбяруць свае сілы і выйдуць змагацца за свае правы. Хутчэй, нейкая частка зь іх стане больш палітызаванай. Усе астатнія будуць мець магчымасьці больш эфэктыўна адаптавацца да тых умоваў, якія прапаноўвае ім наш урад».