“Змагацца за Артура Фінькевіча ўсімі мэтадамі”

Камітэт для вызваленьня актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Артура Фінькевіча вызначыў кірункі дзейнасьці на студзень.

Паседжаньне Камітэту для вызваленьня Артура Фінькевіча ўзначаліў Павал Севярынец. У працы Камітэту ўзялі ўдзел паплечнікі Артура, праваабаронцы, палітыкі Вячаслаў Сіўчык і Мікола Статкевіч.

Артур Фінькевіч цяпер у магілёўскім сьледчым ізалятары. У камэры цесна — на 18 нараў 26 чалавек. Паводле заканадаўства, пакуль асуджаны чакае адказаў на касацыйныя скаргі, яго трымаюць у СІЗА. На спатканьні з маці Артур паведаміў, што турэмнае кіраўніцтва прапанавала яму напісаць заяву з просьбай перавесьціся ў так званую “зону”, дзе адбываюць пакараньне. У параўнаньні са сьледчым ізалятарам там значна лепшыя ўмовы ўтрыманьня.

Пакуль у крымінальнай справе ёсьць папярэдняя скарга на прысуд Артура Фінькевіча. Больш грунтоўную скаргу яго новая адвакатка Ганна Бахціна падасьць у абласны суд пасьля азнаямленьня з матэрыяламі крымінальнай справы і судовага працэсу.

Сябры Камітэту прынялі рашэньне задзейнічаць усе сродкі ціску на ўлады, каб вызваліць палітвязьня.

Гаворыць Павал Севярынец:

“Рыхтуецца падача скаргаў і юрыдычны круглы стол. Шэраг міжнародных мерапрыемстваў — сустрэча з эўрапейскімі
Моладзь пацьвердзіла, што маратон штодзённых вулічных акцый будзе працягвацца і нарастаць
амбасадарамі, візыт у нямецкую амбасаду, у АБСЭ для таго, каб заклікаць Эўропу да актыўных дзеяньняў дзеля вызваленьня Артура. Моладзь пацьвердзіла, што маратон штодзённых вулічных акцый будзе працягвацца і нарастаць. Мы цяпер спрабуем наладзіць кампанію салідарнасьці, рассылку лістоў, а таксама глябальную кампанію празь “Міжнародную амністыю” і акцыі хрысьціянскай салідарнасьці з Артурам Фінькевічам”.

Паплечнікі Артура Фінькевіча з “Маладога фронту” не чакалі, што акцыі на знак салідарнасьці з палітвязьнем будуць ладзіць сябры іншых незарэгістраваных арганізацый. Міліцыянты затрымалі некалькі чалавек.

Актывістка “Маладога фронту” Кася Галіцкая апавяла “Свабодзе”:

“Мы ладзім шырокую кампанію ў падтрымку і абарону Артура. У межах гэтай кампаніі мы ладзім акцыі, распаўсюджваем інфармацыйныя друкаваныя матэрыялы. Мы былі вельмі ўражаныя праявамі салідарнасьці з боку іншых моладзевых арганізацый. Мы вельмі ўдзячныя ім за тое, што яны ладзяць розныя акцыі ў падтрымку Артура, незалежна ад нас. Вялікі дзякуй. Артур — гэта наша агульная справа”.

Цягам месяцу трэба чакаць адказу з абласнога суду на касацыйную скаргу. Увесь гэты час моладзевыя актывісты зьбіраюцца штодня ладзіць акцыі салідарнасьці з Артурам Фінькевічам і распаўсюджваць сярод насельніцтва інфармацыйныя матэрыялы пра ягоную справу.

19 сьнежня Артура Фінькевіча пакаралі зьняволеньнем на паўтара году за дробныя парушэньні правілаў унутранага распарадку ў інтэрнаце магілёўскай спэцкамэндатуры, дзе моладзевы актывіст адбываў пакараньне двума гадамі абмежаваньня волі за палітычныя графіці.