Крычаў: “Вольны горад” супраць “Ленінскага клічу”

Чавускі раённы суд пачаў разгляд грамадзянскай справы паводле пазову рэдактара крычаўскай незалежнай газэты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага й заснавальніка гэтага выданьня Ўладзімера Кудраўцава да рэдакцыі газэты Крычаўскага райвыканкаму “Ленінскі кліч”.

Журналісты недзяржаўнага выданьня вінавацяць журналістаў дзяржаўнай газэты ў зьнявазе гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.

Праз суд пазоўнікі намагаюцца спагнаць з рэдакцыі “Ленінскага клічу” кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў рублёў.

Сяргей Няроўны паведаміў “Свабодзе”, што нагодай для суду сталася сэрыя фэльетонаў, якія ад 2005 да 2007 году амаль штосуботы друкавала крычаўская раёнка. У фэльетонах апісвалася дзейнасьць мясцовай апазыцыі.

На папярэднім судовым паседжаньні намесьнік рэдактара “Ленінскага клічу” Ўладзімер Далецкі адмовіўся назваць аўтара гумарэсак, паведаміўшы, што іх пісалі некалькі чалавек. Судзьдзя абавязала спадара Далецкага назваць гэтых людзей да 17 студзеня, калі мае пачацца судовы працэс.

14 студзеня ў Чавускім раённым судзе працягнецца разгляд грамадзянскай справы паводле пазову рэдактара “Ленінскага клічу” Тацяны Іўкінай да заснавальніка незалежнай газэты “Вольны горад” Уладзімера Кудраўцава ды аўтара гэтага выданьня Валера Бысава. Тацяна Іўкіна вінаваціць незалежных журналістаў у зьнявазе свайго гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.