Пэнсіянэрка не чакала падарункаў ад Лукашэнкі

Пэнсіянэрка зь Пецярбургу Галіна Макеева, якая нядаўна даслала беларускаму кіраўніку Аляксандру Лукашэнку тысячу даляраў, атрымала падзяку ў адказ.

Пра гэта паведамляе інтэрнэт-сайт беларускай амбасады ў Расеі.

Супрацоўнікі беларускай амбасады перадалі сп-ні Макеевай ня толькі ліст ад беларускага лідэра, а таксама падарункі – лядоўню “Атлянт” і тэлевізар “Гарызонт”. Паводле пэнсіянэркі, усё гэта было абсалютнай нечаканасьцю для яе, бо грошы Лукашэнку яна даслала “ад чыстага сэрца” і “дзеля падтрымкі беларускага народу”. У якасьці адрасата яна выбрала беларускага кіраўніка, бо “ён сумленны чалавек, і можа правільна разьмеркаваць суму”.