Б.Луцэнка: “Хачу заняцца сваёй творчасьцю”

Пра прычыны свайго сыходу і творчыя пляны Барыс Луцэнка – у інтэрвію “Свабодзе”.

Луцэнка: “Я даўно ўжо зьбіраўся. Хачу заняцца сваёй творчасьцю. Што такое мастацкі кіраўнік? Гэта маса самых розных, у тым ліку і дробных справаў. Вы павінны скласьці рэпэртуар на пяць гадоў, знайсьці п’есу, запрасіць рэжысэра. Я гэта ўмею рабіць. Але гэта адцягвае мяне ад самага галоўнага – ад пастановак спэктакляў”.
Я даўно ўжо зьбіраўся

Нядаўна Барысу Луцэнку споўнілася 70 гадоў. Ён лічыць, што трэба саступаць дарогу маладым.

Луцэнка: “Я вырашыў сысьці ў чарговыя рэжысэры, можа быць, блаславіць нейкага маладога рэжысэра, такога ж жорсткага і складанага, якім я быў на пачатку свайго шляху. І хачу заняцца сваім любімым “Тэатрам пад купаламі”, дзе мне дырэкцыя абяцае даць поўную свабоду”, — кажа Барыс Луцэнка.

Я запыталася ў спадара Луцэнкі, каго б ён хацеў бачыць на пасадзе мастацкага кіраўніка тэатру?

Луцэнка: “Каб пагадзіўся Мікалай Пінігін, я быў бы рады. Але наўрад ці. Але будзем шукаць. Нават калі нейкі пэрыяд ня будзе мастацкага кіраўніка... Я ж застаюся на месцы, і дырэктар сам зможа без мастацкага кіраўніка правесьці паўгода ці год. А за гэты час, я думаю, нехта знойдзецца”.


Даведка Радыё Свабода: Барыс Луцэнка нарадзіўся 16 верасьня 1937 году ў расейскім Майкопе. Скончыў Беларусі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў рэжысэрам Беларускага тэатру імя Янкі Купалы, Тэатра-студыі кінаактора. Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага рускага тэатру імя Горкага. Народны артыст Беларусі. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.