За продаж кнігі Фядуты пра Лукашэнку штрафуюць

Радыё Свабода Рабочую трактарнага заводу Раісу Кацько пакаралі штрафам за продаж кніг і газэт у неналежным месцы. Сярод літаратуры, якая не спадабалася прадстаўнікам улады, была кніга пра Аляксандра Лукашэнку.
Раіса Кацько гандлявала кнігамі і газэтамі побач з уваходам на станцыю мэтро “Ўсход”. Гандлярка мела сярод іншых выданьняў кнігу журналіста Аляксандра Фядуты “Аляксандар Лукашэнка. Палітычная біяграфія”. Жанчына раздавала людзям недзяржаўную газэту “Народная Воля”, калі да яе падышоў чалавек у цывільным, які назваўся супрацоўнікам райвыканкаму. Што яму не спадабалася ў літаратуры, якую прапаноўвала Раіса Кацько?

(Кацько: ) “На вокладцы кнігі быў здымак Аляксандра Лукашэнкі. Гэты мужчына паглядзеў на кнігу і сказаў, што гэта абраза прэзыдэнта. Пачаў мяне хапаць, тузаць, у бруд кінуў. Потым выклікаў нарад міліцыі, мяне затрымалі, склалі пратакол, газэты і кнігі сканфіскавалі ды пакаралі штрафам”.

Судзьдзя ў адміністрацыйных справах Першамайскага суду Менску спадар Гарбатоўскі пакараў Раісу Кацько штрафам на 58 тысяч рублёў. Судзьдзя вырашыў, што жанчына гандлявала газэтамі і літаратурай у неналежным месцы.

Раіса Кацько працуе на Менскім трактарным заводзе. Паводле яе, зарабляе каля 400 тысяч рублёў. Што прымусіла яе падрабляць, гандлюючы газэтамі на вуліцы?

(Кацько: ) “Не хапае. За ўсё аддай, і нічога не застаецца. А ў мяне дзьве дачкі непаўналетнія, іх трэба расьціць. Вельмі цяжка жыць у нашай дзяржаве, зарабіць ніяк не даюць”.

Сёлета гэта ўжо другі штраф, які прыйдзецца заплаціць гандлярцы газэтамі Раісе Кацько.