А.Кароль: замест “здраднікаў Радзімы” цяпер будзе “дыскрэдытацыя Беларусі”

Радыё Свабода Галоўны рэдактар газэты “Згода” Аляксей Кароль камэнтуе Лукашэнкаўскія папраўкі ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, якія вяртаюць Беларусь да савецкага заканадаўства па барацьбе зь іншадумствам.
(Аляксей Кароль: ) “Ужо банальнасьцю стала параўнаньне гэтых паправак з савецкім заканадаўствам. Я хачу ўдакладніць: вытокі гэтых палажэньняў знаходзяцца ў 1930-х гадах. Хоць цяпер іншая слоўная форма, але сутнасьць адна. Замест словаў “здраднік Радзімы” цяпер ужываецца слова “дыскрэдытацыя Беларусі”. Замест выразу “распаўсюджваньне паклёпу на савецкую ўладу” — іншыя словы. То бок, зьмест абсалютна пераклікаецца з 1930 гадамі. Мы апынуліся ў той сытуацыі, якую я як гісторык вывучаў, і я ніколі ня думаў, што пры сваім жыцьці зноў вярнуся туды. Зьмест гэтых паправак абсалютна антыдэмакратычны. Гэта спаўзаньне да таталітарнага рэжыму. Вось сутнасьць гэтых паправак”. (Чытаць поўны тэкст перадачы "Экспэртыза Свабоды")