На фэстываль шлягера гледачоў заганяюць адміністрацыйным рэсурсам

Аляксандр Сердзюкоў, Магілёў Сёньня адкрыўся дзевяты міжнародны музычны фэстываль “Залаты шлягер-2005 у Магілёве”. Магілёўскія ўлады сёлета выкарыстоўвалі адміністрацыйны рэсурс, каб забясьпечыць яўку гледачоў на фэстывальныя канцэрты.
За некалькі дзён да адкрыцьця дзевятага міжнароднага фэстывалю кожны старшыня райвыканкама атрымаў ліст ад начальніка абласнога ўпраўленьня спорту і турызму Ўладзіміра Юдко. У лісьце спартовы чыноўнік спасылаецца на адпаведнае рашэньне аблвыканкаму і просіць забясьпечыць фэстываль не менш як 25 гледачамі ад кожнага раёна.

Да ліста прыкладалі праграму фэстывалю і кошт квіткоў, якія мусяць рэалізаваць раённыя вэртыкальшчыкі. Кошт квітка часам дасягае пяцідзесяці тысяч рублёў, што далёка ня кожнаму магілёўцу па кішэні.

Зразумела, што ў пашырэньні аўдыторыі гледачоў і разьвіцьці турыстычнага бізнэсу зацікаўленае абласное ўпраўленьне спорту і турызму і падкантрольнае яму аб''яднаньне “Магілёўаблтурыст”. Аднак, паводле таго ж ліста, раённыя аддзелы культуры мусяць за ўласныя сродкі арганізоўваць паездкі на фэстываль.

Выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу – не адзіная навацыя дзявятага фэстывалю. Цяпер ён зьмяніў мастацкага кіраўніка. Ім стаў народны артыст Міхаіл Фінбэрг. Сёлета ў лік арганізатараў фэстывалю патрапілі Міністэрства культуры і Нацыянальная тэлерадыёкампанія. Сваё рашэньне новыя арганізатары патлумачылі “жаданьнем захаваць фэстываль і надаць яму важкасьць”.

Былы дырэктар Магілёўскай абласной філярмоніі Ўладзімер Брайлоўскі, які стаяў ля вытокаў фэстывалю, сядзіць у сьледчым ізалятары. Яго абвінавачваюць у раскраданьні прызначаных для разьлікаў з артыстамі сродкаў.

Сёлета, напярэдадні канцэртаў артыстам ужо выплацілі 50% ганарараў, але багацейшым фэстываль ня стаў. Ягоныя арганізатары ўжо абвясьцілі яго самым эканомным і паведамілі, што фінансавыя выдаткі фэстывалю зьменшыліся ў два разы. Конкурсу маладых выканаўцаў сёлета ня будзе.