Прадпрымальніка перасьледуюць па палітычных матывах?

Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Клецку пагроза закрыцьця навісла над бізнэсам вядомага ў горадзе актывіста дэмакратычнага руху Сяргея Панамарова. Ягоныя паплечнікі лічаць, што спрычынілася да гэтага палітычная дзейнасьць прадпрымальніка.
Сябра Аб''яднанай грамадзянскай партыі Сярей Панамароў ужо некалькі гадоў займаецца ў Клецку дробным бізнэсам:

(Панамароў: ) “Самы першы з прадпрымальнікаў тут. Вырабляю розныя драўляныя вырабы для патрэбаў насельніцтва Клецкага, Нясьвіскага і іншых раёнаў. Тут у нас кіраўнік раёну – “маленькі Аляксандр Рыгоравіч”. І вось ён узяўся за мяне. У мяне адабралі памяшканьне. Гэта памяшканьне знаходзілася на балянсе камунгаса, але ўласьнікам зьяўляецца Клецкі райвыканкам”.

Як паведаміў спадар Панамароў, у 2002 годзе Клецкі райвыканкам дазволіў яму арандаваць адно з памяшканьняў былой вайсковай часткі з наступным правам выкупу. Майстар-прадпрымальнік выплаціў грошы за памяшканьне, але з афармленьнем яго ва ўласнасьць улады не сьпяшаліся. І цяпер пры дапамозе гаспадарчага суду райвыканкам вырашыў выкінуць яго на вуліцу.

Сяргей Панамароў зьвязвае гэта з апазыцыйнай дзейнасьцю сваёй сям’і. Ён, жонка і сын – актывісты Аб''яднанай грамадзянскай партыі. У райвыканкаме адмаўляюць сувязь паміж палітычнай дзейнасьцю клецкага прадпрымальніка і канфіскацыяй вытворчага памяшканьня.

Гаворыць намесьнік старшыні Аляксандр Рулькевіч:

(Рулькевіч: ) “Не такі ўжо і актыўны палітычны дзяяч Панамароў, як хацелася б думаць. Каб рабіць прадукцыю для раёна, яму патрэбна мець сэртыфікацыю. Але яе ў яго няма. Апошняя праверка дзяржстандарту засьведчыла, у мяне ёсьць даведкі, што выпускаемая ім мэбля не адпавядае стандартам”.

Паводле Сяргея Панамарова, ён выпускае нестандартную прадукцыю паводле заказаў мясцовых жыхароў: вокны, дзьверы, іншыя вырабы. Гэтая прадукцыя мае сацыяльную значнасьць, паколькі пераважная большасьць яе спажыўцоў малазабясьпечаныя жыхары, у тым ліку вяскоўцы. Таму ініцыятыва мясцовых уладаў канфіскаваць памяшканьне прадпрымальніка Панамарова ў многіх зь іх выклікала зьдзіўленьне. Рэч у тым, што ў Клецку няма рэальнага дэфіцыту ў вытворчых плошчах, паколькі тут ёсьць памяшканьні, якія працягваюць пуставаць.

Аб''яднаная грамадзянская партыя зьбіраецца пратэставаць супраць неабгрунтаваных, на яе думку, дзеяньняў уладаў. Гаворыць намесьнік старшыні АГП Сяргей Альфер:

(Альфер: ) “Уся справа ў тым, што Панамароў як прадпрымальнік там досыць інтэнсіўна разьвіваецца. Ён мае пэўны аўтарытэт як чалавек неабыякавы і, думаю, што, калі б у яго не было выразнай палітычнай пазыцыі, дык гэтыя пытаньні былі б вырашаныя дастаткова спакойна. А паколькі чалавек знаходзіцца ў жорсткай апазыцыі да дзеючай у Беларусі ўлады, дык было прынятае рашэньне яго пакараць. Пакараць яго можна было, прыватызаваўшы той аб’ект, які ён цалкам выкупіў”.