Якой будзе структура штабу Аляксандра Мілінкевіча?

Алесь Дашчынскі, Менск Палітычная рада дэмсілаў зацьвердзіла ўчора структуру цэнтральнага штаба палітычнай кампаніі адзінага кандыдата ад дэмсілаў Аляксандра Мілінкевіча. Кадравае камплектаваньне штабу будзе завершана ў бліжэйшыя дні.
Штаб адзінага кандыдата, кіраўніком якога прызначаны лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, працуе цягам тыдня, але пакуль ня ў поўным складзе. Пакуль гэтая важная структура занятая ўласным камплектаваньнем і пабудовай кіраваньня ўсёй перадвыбарчай кампаніяй, якое ўключае стварэньне рэгіянальных штабоў.

Увага надаецца і зьмястоўнай частцы кампаніі: стратэгіі, тактыцы і пляну канкрэтных мерапрыемстваў. Апроч таго, штаб рыхтуе інфармацыйныя матэрыялы пра кангрэс дэмсілаў і ягоныя вынікі, якія прызначаны для шырокага распаўсюду. Неўзабаве будзе вырашана й праблема разьмяшчэньня штаба, але пакуль усе жадаючыя ў ім працаваць могуць зьвяртацца на офіс Партыі камуністаў Беларускай альбо непасрэдна да Сяргея Калякіна.

(Калякін: ) “Калі ёсьць пытаньні, то можна зьвяртацца ў штаб і прапаноўваць сваю падтрымку, сваю галаву, свае рукі для таго, каб працавць у кампаніі адзінага кандыдата. Мы ўсім знойдзем мейсца для працы. Гэта самая галоўная інфармацыя, што штаб працуе і яму патрэбная падтрымка ня толькі партыйных актывістаў, а і беспартыйных грамадзянаў, усіх прыхільнікаў пераменаў”.

Спадар Калякін нагадавае, што звычайна штаб ствараецца пасьля аб’яўленьня выбараў, аднак у адзінага дэмакратычнага кандыдата ён з’явіцца фактычна за 9 месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў. Таму часу для працы яшчэ многа.

Якой жа будзе структура штабу адзінага кандыдата ад дэмсілаў на прэзыдэнцкія выбары 2006 года? Яна складаецца з дзьвюх асноўных частак: агітацыйна-рэклямнай і інфармацыйна-аналітычнай. Будзе таксама прадугледжана праца з арганізацыямі й інстытутамі, якія не ўваходзяць у склад штаба, у тым ліку з “трэцім сэктарам”. Апроч іншага, структура ўлічвае юрыдычнае суправаджэньне, службу бясьпекі і ўнутраную канцылярыю. У арганізацыйна-масавым кірунку плянуецца стварэньне грамадзкай прыёмнай адзінага кандыдата і сыстэмы распаўсюду інфармацыі. Таксама штаб арганізуе працу з валантэрамі розных кірункаў, зоймецца іх падборам, абучэньнем, выпрацоўкай мэтадычных матэрыялаў. Пэўныя асобы будуць адказнымі за імідж кандыдата, за плян выкананьня кампаніі і графік адзінага кандыдата. Структура вызначае асобаў, адказных за працу з бліжэйшым атачэньнем адзінага кандыдата, з сям’ёй, даверанымі асобамі, сябрамі. Неўзабаве будзе створаны прэсавы цэнтар штабу і адкрыецца адмысловы інтэрнэт-сайт Аляксандра Мілінкевіча.

Апазыцыйныя палітычныя партыі ўжо прапанавалі сваіх сябраў для працы ў штабе адзінага кандыдата. Але прозьвішчы пакуль не агалошваюцца. Аднак адну асобу, якая, відавочна, будзе працаваць у штабе можна ўжо назваць. Гэта Віктар Карнеенка, сябра палітычнай рады. Аляксандар Мілінкевіч і Сяргей Калякін зрабілі яму такую прапанову. Спадар Карнеенка даў згоду працаваць намесьнікам кіраўніка выбарчай кампаніі ў арганізацыйным накірунку.

(Карнеенка: ) “Кааліцыя не зьбіраецца сядзець і чакаць даты абвяшчэньня выбараў і пасьля распачынаць сваю працу. Да абвяшчэньня выбараў мы будзем ладзіць сацыяльныя кампаніі, сацыяльныя акцыі па тэхналёгіі “ад дзьвярэй да дзьвярэй”. Карацей, стратэгічная задача – гэта выхад на шырокія колы насельніцтва. А па другое, арганізацыйны кірунак – гэта набор валантэраў для збору подпісаў, распаўсюду інфармацыі, для ўдзелу ў выбарчых камісіях, у назіраньні за выбарамі. Вось гэта ўсё ёсьць арганізацыйны кірунак, які мы разам з маімі аднадумцамі мусім забясьпечыць у выбарчым штабе”.