Атака баевікоў на сталіцу Кабардзіна-Балкарыі

Сяргей Абламейка, Прага Сёньня каля трох гадзінаў ночы паводле мясцовага часу у сталіцы каўкаскай рэспублікі Кабардзіна-Балкарыі Нальчыку пачаліся баі. Групы ўзброеных людзей напалі на будынкі Міністэрства ўнутраных справаў, ФСБ, аэрапорт, ваенны камісарыят і іншыя ўрадавыя аб’екты. Больш падрабязна пра падзеі на расейскім Каўказ раскажа наш карэспандэнт.
Інфармацыя аб падзеях у Нальчыку даволі супярэчлівая. Новы прэзыдэнт Кабардзіна-Балкарыі Арсэн Канокаў паведаміў у першай палове дня, што каля 50 баевікоў і 12 мірных жыхароў было забіта падчас баёў. Яшчэ 50 чалавек было паранена. Іншыя інфармацыйныя агенцтвы ў працягу дня паведамлялі аб 20 ахвярах сярод мірнага насельніцтва.

Вось што аб пачатку сутыкненьняў паведаміў карэспандэнт нашага радыё на Паўночным Каўказе Юры Багроў.

(Багроў: ) "Раніцай баевікі напалі на ўрадавыя аб’екты гораду. Паводле розных ацэнак іх было ад 150 да 300 чалавек. Расейскія ўлады пачалі тэрмінова перакідваць у Нальчык новыя аддзелы ўнутраных войскаў. Цэнтар гораду блякаваны, мірныя жыхары зь яго эвакуяваныя. Цягам дня зьяўляліся паведамленьні аб захопе баевікамі школы, але пазьней яны не былі пацьверджаныя".

Бліжэй да абеду ў горад прыбыў паўнамоцны прадстаўнік прэзыдэнта ў Паўднёвай фэдэральнай акрузе Дзьміры Козак. Ён паведаміў, што ў адным з аддзяленьняў міліцыі баевікі ўтрымліваюць закладнікаў.

Супярэчлівая інфармацыя і аб прыналежнасьці баевікоў. Паведамляецца, што яны надзетыя ў чорную форму. На адным з сайтаў у працягу дня зьявілася інфармацыя, што ў Нальчыку праводзяць апэрацыю “байцы Каўкаскага фронту”. Аднак улады Кабардына-Балкарыі схільныя ўскладаць адказнасьць за напад на радыкальную ісламскую групу “Ярмук”. Яе заснавальнік, этнічны балкарац Атэйеў, ваяваў у Чачэніі пад кіраўніцтвам Руслана Гелаева і быў забіты ў студзені сёлета.

Паводле паведамленьняў міністэрства ўнутраных справаў гэтай рэспублікі, на яе тэрыторыі дзейнічаюць каля 20 падпольных ісламісцкіх груповак.