Беларуская прэса за 27 ліпеня

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі “Звязда”, 1935 год:
“24 ліпеня пасля поўдня на Палессі прайшоў такі моцны лівень, што на вуліцах Мазыра стварыліся цэлыя рэкі. Узровень вады дасягнуў 1,5 метра. Сцякаючы з гор і равоў, вада велізарнай лавай рухалася па нахілу ўніз у раку Прыпяць з хуткасцю трох з паловай метраў у секунду. На сваім шляху яна выбівала ў падвальных і поўпадвальных памяшканнях вокны і дзверы, ламала брамы і парканы, затапляючы двары, склады, жылыя кватэры. Чалавечых афяр няма”.

“ЛіМ”, 1965 год:

“У Маскве на Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі пабываў вядомы ў рэспубліцы Тураўскі народны хор і яго танцавальная група з Жыткавіцкага раёна… Незабыўным быў канцэрт у Калоннай зале Дома саюзаў. У той памятны дзень адбываўся мітынг савецка-в’етнамскай салідарнасці. У зале прысутнічала многа в’етнамцаў, прадстаўнікоў працоўных сталіцы. І калі тураўцы праспявалі частушкі на словы кіраўніка хору Сяргея Бялко “Заяўляем, янкі, вам/Вы не лезьце ва В’етнам./Бо ў нас сіла ёсць такая —/Ўсім магіла будзе там!” і перакладчык тут жа пераклаў іх сэнс, бурай воплескаў сустрэлі гэты куплет в’етнамскія таварышы”.

“Свабода”, 1995 год:

“У Горадні перарабляюць вялізны герб БССР, які быў зьняты год таму з будынку аблвыканкаму. Гэтую адказную працу даручылі вядомаму скульптару А.Салятыцкаму. Маэстра з памочнікам ужо зьліквідаваў надпісы “Пралетарыі ўсіх краін…” (на дзьвюх мовах) і “БССР”. Наступная задача: вынішчыць серп з молатам. Ён перакананы, што замест рэанімаванага БССРаўскага гербу напачатку наступнага года над аблвыканкамам павесяць выяву “двухгаловага арла”. Спадар Салятыцкі нават пакляўся карэспандэнту “Свабоды”, што “паставіць” скрынку каньяку, калі ягоны прагноз не апраўдаецца”.