Валер Леванеўскі патрапіў у турэмны шпіталь

Алег Грузьдзіловіч, Менск
Гарадзенскі прадпрымальнік Валер Леванеўскі пасьля галадоўкі патрапіў у турэмны шпіталь Івацэвіцкай калёніі. Леванеўскі галадаў ад 1 чэрвеня больш за тыдзень, пратэстуючы супраць умоваў утрыманьня пад вартай. Як паведаміў Радыё Свабода сын Валерыя Леванеўскага Уладзімір, ягоны бацька адчувае болі ў сэрцы і праходзіць курс лячэньня.

Нагадаем, што лідэр страйкаму прадпрымальнікаў Валерый Леванеўскі і яго намеснік Аляксандр Васільеў былі абвінавачаныя судом у зьнявазе прэзыдэнта. 7 верасьня 2004 году суд Ленінскага раёну Горадні прыгаварыў Леванеўскага і Васільева да двух гадоў пазбаўлення волі ў калёніі агульнага рэжыму. У той жа месяц праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" асудзіла прыгавор Леванеўскаму і Васільеву і прызнала іх вязьнямі сумленьня.