Сяргей Гайдукевіч прапаноўваў падтрымаць "народ Абхазіі" аб далучэньні да саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі

Уладзміер Глод, Менск Сёньня ў Палаце прадстаўнікоў дэпутат Сяргей Гайдукевіч прапанаваў падтрымаць "права народу Абхазіі правесьці рэфэрэндум аб далучэньні да Саюзу Беларусі і Расеі". Раней Свабода паведамляла, што першы намесьнік камітэту ў справах СНД Расейскай Дзярждумы Ахмед Білалаў гаварыў, што Абхазія магла б далучыцца да Беларусі і такім чынам да саюзнай дзяржавы.
Дэпутаты захацелі паслухаць, што думае на гэты конт пастаянны прадстаўнік прэзыдэнта ў парлямэнце Валеры Цапкала. Апошні сказаў , што некалькі разоў быў у Абхазіі і Паўночнай Асэтыі. І яму асабіста больш сымпатычная палітыка кіраўніцтва гэтых рэспублік, чым "экзальтаваная палітыка Саакашвілі". Аднак трэба памятаць, - дадаў Цапкала, - што Беларусь мае шэраг міжнародных пагадненьняў, як двухбаковых так і ў рамках СНД, і прызнае цэласнасьць Грузіі, і таму ставіць такое пытаньне і прымаць адпаведную заяву будзе "трошкі некарэктна ў рамках гэтых дакумэнтаў".

Пасьля тлумачэньняў Цапкалы дэпутаты адмовіліся абмяркоўваць заяву Гайдукевіча.