"Гэта ўжо другі наш дарадца, які ў месячны тэрмін павінен пакінуць Польшчу"

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Прэсавы сакратар амбасады Беларусі ў Польшчы Усевалад Глушкоў заявіў “Белапан”, што Польшча высылае ўжо другога беларускага дыплямата. Паводле Глушкова, напачатку мая польскі бок паведаміў беларускай дыпмісіі пра непажаданасьць знаходжаньня ў Польшчы дарадцы беларускага пасольства.
Польскія ўлады патлумачылі высылку дыплямата ўмяшаньнем беларускіх уладаў у дзейнасьць "Саюза палякаў на Беларусі". У якасьці кроку ў адказ беларускае МЗС паведаміла польскаму пасольству пра тое, што дарадца Марэк Буцько павінен на працягу месяца пакінуць Беларусь.

Паводле словаў Глушкова, беларускія ўлады прапанавалі Варшаве "вырашыць пытаньне ў закрытым рэжыме". Аднак 18 мая намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Анджэй Залуцкі падчас сустрэчы з паслом Беларусі ў Польшчы Паўлам Латушкам аб''явіў яму, што польскі бок прыняў рашэньне аб высылцы дарадцы беларускай дыпмісіі.

"Ужо другі наш дарадца ў месячны тэрмін павінен пакінуць Польшчу", – зазначыў Глушкоў. Варшава пакуль ніяк не камэнтуе заявы беларускага боку аб тым, што высылка Марка Буцькі былы адказам на ранейшыя захады польскага МЗС.