Пракурор папрасіў пакараць хірургаў-кардыёлягаў за махлярства

Алег Грузьдзіловіч, Менск 19 траўня аднавіўся працэс над менскімі кардыяхірургамі, якіх судзяць у Маскоўскім судзе Менску. У судовых спрэчках выступіў пракурор Раіль Ахметзянаў, які папрасіў суд прызнаць дактароў Рэспубліканскага цэнтру “Кардыялёгія” вінаватымі ў махлярстве. Пракурор выказаўся за пакараньне трох абвінавачаных абмежаваньнем волі ад чатырох да пяці гадоў, яшчэ трох — трыма гадамі зьняволеньня. Пры гэтым пракурор лічыць магчымым ужыць да абвінавачаных амністыю.
Паводле адвакатаў, калі суд пагодзіцца з пракурорам, арыштаваных кардыёхірургаў неўзабаве вызваляць, а тых, хто заставаўся на волі, ня будуць ізаляваць.

Нагадаем, махлярства ў Рэспубліканскім цэнтры “Кардыялёгія” выкрылася амаль два гады таму. У крымінальнай справе фігуравалі некалькі дзясяткаў пацярпелых, якія сьцьвярджалі, што зь іх незаконна бралі грошы за кардыястымулятары і іншыя мэдычныя прылады для бясплатных апэрацыяў. Дактары часткова прызналі сваю віну і кампэнсавалі страты. Такое малое пакараньне дактарам пракурор патлумачыў тым, што гэтых унікальных адмыслоўцаў няма кім замяніць.