Улады Барысава абмежавалі ведамасную падпіску на незалежныя газэты?

Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Рэдактары незалежных газэтаў Барысава заявілі пра тое, што мясцовыя ўлады забаранілі прадпрыемствам гораду выпісваць іх выданьні. Ці сапраўды гэта так?
Недзяржаўныя газэты “Барысаўскія навіны” і “Кур’ер з Барысава” — найбольш папулярныя выданьні ў рэгіёне. У кожнай зь іх больш за 10 тысяч падпісчыкаў. Угазэты “Адзінства”, заснавальнікам якой зьяўляецца Барысаўскі гарвыканкам, наклад значна меншы. Паводле рэдактара “Барысаўскіх навінаў” Анатоля Букаса, такая сытуацыя не задавальняе барысаўскіх чыноўнікаў:

(Букас: ) “Два гады таму наш штотыднёвік забаранілі прадаваць у крамах гарадзкога харчгандлю. З той прычыны, што на яго старонках друкуюцца палітычныя артыкулы. Таму кіраўніцтва гораду палохае сваіх чыноўнікаў, што калі хто-небудзь паспрабуе выпісаць “Барысаўскія навіны”, то хай крыўдуе на сябе самога. З гэтай нагоды ведамасная падпіска на другі квартал гэтага году істотна скарацілася”, — паведаміў спадар Букас, рэдактар “Барысаўскіх навінаў”.

Ці мае мясцовая вэртыкаль дачыненьне да абмежаваньня ведамаснай падпіскі на недзяржаўны друк? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да кіраўніка ідэалягічнага аддзелу Барысаўскага гарвыканкаму Аляксандра Міронава.

(Міронаў: ) “Асабіста я такога распараджэньня не аддаваў. За астатніх ня ведаю”.

Барысаўскі крышталёвы завод — адно з найбольш вядомых прадпрыемстваў гораду. Тут даўно практыкуецца ведамасная падпіска для калектыву. Ці маюць яго прадстаўнікі магчымасць чытаць “Барысаўскія навіны” і “Кур’ер з Барысава”? Вось што зазначыла намесьніца дырэктара заводу ў пытаньнях ідэалёгіі Тацяна Лягоціна:

(Лягоціна: ) “Не, мы ня выпісваем. Ні “Барысаўскага кур’еру”, ні “Барысаўскіх навінаў”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму?”

(Лягоціна: ) “Нам жа заяўку дае выканкам. І мы цьвёрда выконваем квоту выканкаму. У нас шмат газэтаў выпісана. Усе цэнтральныя. І “Мінская праўда”, і “Советская Белоруссия”.

Паводле рэдактара “Кур’еру з Барысава” Людмілы Атчанашанкі, падобным чынам ставяцца да незалежных выданьняў і на іншых прадпрыемствах, арганізацыях ды ўстановах.

(Атчанашанка: ) “Мяркуючы па тэлефанаваньнях нашых чытачоў, сапраўды кіраўнікі нашых барысаўскіх прадпрыемстваў атрымалі прадпісаньне ад выканкаму ўзяць пад кантроль правядзеньне ведамаснай падпіскі. Гэтае прадпісаньне тычыцца ня толькі дзяржаўных прадпрыемстваў, але і прыватных фірмаў”.