Лепельскага лідэра прадпрымальнікаў выклікаюць у пракуратуру

Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Лепелі позва зьявіцца ў пракуратуру раніцай 10 лютага ўручана лідэру мясцовых прадпрымальнікаў, сябру грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Алегу Тычыне.
Як паведаміў нашаму Радыё спадар Тычына, дакумэнт быў уручаны яму сёньня напрыканцы дня. У позьве паведамляецца, што спадар Тычына мусіць даць тлумачэньні. Што канкрэтна хочуць ведаць у лепельскай пракуратуры ад прадпрымальніцкага лідэра – невядома. Але пры гэтым яму было заяўлена, што яўка абавязковая, у выпадку яе ігнараваньня сябра “Пэрспэктывы” чакае пакараньне.

Паводле спадара Тычыны, выклік яго у пракуратуру – невыпадковы. На 10 лютага ў гэтым горадзе заплянаваны страйк прадпрымальнікаў. І, як мяркуе іх лідэр, улады вырашылі гэткім чынам сарваць або папярэдзіць акцыю.