Зьезд Партыі БНФ вылучыў кандыдатам у парлямэнт С.Антусевіча

Юры Сьвірко, Менск Разам зь ім 20 сакавіка на дэпутацкі мандат у Горадні могуць прэтэндаваць рэктар тамтэйшага ўнівэрсытэту, намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук і два сябры былой дэпутацкай групы “Рэспубліка” Валеры Фралоў і Сяргей Скрабец. Зьезд таксама зацьвердзіў схему вылучэньня адзінага кандыдата на прэзыдэнта.
Суботні зьезд Партыі БНФ і яе Сойм вылучылі прафсаюзнага лідэра гарадзенскага прадпрыемства “Азот” Сяргея Антусевіча кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па адзінай акрузе, дзе 17 кастрычніка летась не адбыліся выбары. Паводле лідэра партыі Вінцука Вячоркі, гэтая 52-я акруга ў Горадні сталася ўнікальнай і вакантнай менавіта дзякуючы намаганьням спадара Антусевіча ды ягонай каманды, якія зладзілі пільнае назіраньне. Спадар Вячорка заявіў, што новая перадвыбарчая кампанія будзе ня толькі рэхам кастрычніцкай, але й мастком да прэзыдэнцкай. Як сказаў Вінцук Вячорка, спадара Антусевіча падтрымалі Партыя камуністаў і сацыял-дэмакратычная Грамада, а таксама былая Партыя працы.

(Вячорка: ) “Сяргей Антусевіч – гэта і дэпутат гарсавету, адзіны дэмакратычны дэпутат, які трыюмфальна перамог на мясцовых выбарах. Ён – прафсаюзны лідэр найбуйнейшага прадпрыемства горада. Я думаю, ужо два гэтыя факты сьведчаць, што мы прапаноўваем рэальна папулярнага чалавека, які даказаў здольнасьць весьці за сабой гарадзенцаў”.

На вакантнае гарадзенскае месца ў Палаце прадстаўнікоў зьбіраецца прэтэндаваць і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, аднак Сяргей Антусевіч заклікае не драматызаваць тое, што на выбары ідзе шмат апазыцыянэраў. Ён не выключае, што дамовіцца са спадаром Раманчуком зьняць адну з кандыдатураў перад самым галасаваньнем, пасьля шырокай інфармацыйнай кампаніі.

(Антусевіч: ) “Усё ж такі выбарчы працэс павінен зацікавіць выбаршчыка. У гэтым працэсе павінна прыняць удзел як мага большая колькасьць людзей, і выбаршчыкаў у тым ліку”.

Спадар Антусевіч, якога на мінулых выбарах не зарэгістравалі кандыдатам з прычыны нібыта недакладнай дэклярацыі пра даходы й маёмасьць, таксама падаў заяву аб стварэньні ініцыятыўнай групы, якая мае быць зарэгістраваная ў панядзелак і пачне зьбіраць подпісы за ягонае вылучэньне ад грамадзян.

Кандыдатам ад улады на сакавіцкіх выбарах у Горадні, паводле спадара Антусевіча, будзе рэктар тамтэйшага ўнівэрсытэту Сяргей Маскевіч. Таксама на дэпутацкі мандат у гэтай акрузе прэтэндуюць два былыя сябры Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў і Сяргей Скрабец, якія заяўляюць пра тое, што маюць аб’яднаны штаб і працуюць разам.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка таксама паведаміў, што суботні зьезд зацьвердзіў схему вылучэньня адзінага кандыдата на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў. Паводле яе, з 19 студзеня да 1 сакавіка будзе першы этап – абмеркаваньне магчымых прэтэндэнтаў у партыях і ў рэгіёнах ды вылучэньне 1 кандыдата ад партыі й двух ад рэгіёнаў. Потым, на другім этапе, цягам 2 месяцаў пройдзе інфармацыйная кампанія з паездкамі па краіне, улёткамі ды акцыямі, а на фінальным, травеньскім этапе 7 рэгіянальных кангрэсаў вылучаць 7 кандыдатаў ад усіх абласьцей і Менску, пасьля чаго 28-29 траўня будзе абраны адзіны кандыдат на прэзыдэнта.

Нагадаю, што давыбары ў парлямэнт у Горадні пройдуць 20 сакавіка, а прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за лета 2006 году. Паводле дзейнай Канстытуцыі, самы позьні тэрмін правядзеньня выбараў прэзыдэнта – 20 ліпеня 2006 году. Дата выбараў мусіць быць прызначаная Палатай прадстаўнікоў не пазьней за 20 красавіка 2006 году.