З наступнага году нафтаапрацоўчую галіну ў Беларусі чакае рэструктурызацыя

Казімер Яноўскі, Гомель З 1 студзеня будучага году дзяржаўныя прадпрыемствы ў справе нафтапрадуктазабесьпячэньня пачнуць працаваць у сыстэме аб`яднаньня “Беларуснафта”. Такую структуру некаторыя адмыслоўцы лічаць больш прагрэсіўнай, але ўсё ж такі палавінчатай.
Канцэрн “Белнафтахім” вырашыў далучыць да аб`яднаньня “Беларуснафта” ўсе наяўныя аўтазапраўкі краіны. Наагул, амаль тры сотні аўта– і аўтагазавых заправачных станцыяў, якімі валодалі рэгіянальныя прадпрыемствы кшталту “Гомельаблнафтапрадукт”, адыходзяць з новага году да “Беларуснафты”. Гэта ў дадатак да 70 аўтазаправак, якія пабудавала ў апошнія гады ўласна прадпрыемства “Беларусьнафта”.

Такім чынам мяркуецца стварыць у краіне адзіную сетку збыту нафтапрадуктаў, у якой галоўная роля будзе належаць аб`яднаньню “Беларуснафта”.

Паводле беларускага ўраду, такая цэнтралізацыя паспрыяе лепшай рэалізацыі нафтапрадуктаў на ўнутраным і замежных рынках.

Намесьнік генэральнага дырэктара “Гомельаблнафтапрадукту” Аляксандр Кевліч распавёў, што ягонае ды іншыя падобныя прадпрыемствы ў рэгіёнах краіны захаваюць юрыдычную самастойнасьць.

Усе разам яны возьмуць на сябе задачу збыту нафтапрадуктаў. Сама ж “Беларусьнафта” засяродзіць увагу менавіта на здабычы нафты

(Кевліч: ) “Прадпрыемства “Беларуснафта” вызваляецца ад аўтазаправак, ад дробнай рэалізацыі, і пераходзяць на рэалізацыю толькі чыгуначнымі цыстэрнамі і засяродзяць увагу на геалёгіі, выведцы, бурэньні й здабычы нафты”.

У гэтым рашэньні некаторыя бачаць пэўную палавінчатасьць. Гады чатыры таму кіраўнікі “Беларуснафты”, у прыватнасьці, былы ейны генэральны дырэктар Уладзімер Муляк, прасоўвалі ідэю стварэньня адзінай нацыянальнай нафтавай кампаніі. Апрача здабычы нафты й сеткі аўтазаправачных станцыяў, у кампанію на аснове “Беларуснафты” павінны ўвайсьці і нафтаперагонныя заводы ў Мазыры і Новаполацку.

Такі досьвед аб’аднаньня ёсьць ў Вугоршчыне, і яго вывучалі беларускія нафтавікі. Меркавалася, што кампанія, паводле дамовы з Расеяй, зможа яшчэ асвоіць радовішча ў Комі і такім чынам поўнасьцю задаволіць патрэбы Беларусі ў нафтавай сыравіне.

Колішні кіраўнік “Беларуснафты” Іосіф Муліца лічыць такі варыянт рэарганізацыі галіны даволі слушным. Аднак ягонаму ажыцьцяўленьню перашкаджаюць цяперашнія ня самыя лепшыя адносіны з расейскімі нафтавымі кампаніямі:

(Муліца: ) “У сувязі са складанымі адносінамі з расейскімі кампаніямі, прынамсі, са “Слаўнафтаю”, цяпер, магчыма, і заўчасна такое аб`яднаньне. Перапрацоўшчыкі адразу запатрабуюць купіць 8-12 мільёнаў тон нафты. А гэта ня так проста. Калі ўжо будуць набліжаны да нашых лепшых узораў і далучаныя па ўсёй краіне аўтазапраўкі, тады, магчыма, і перагонны завод не перашкодзіць”, – лічыць былы кіраўнік “Беларуснафты” Іосіф Муліца.

Няясна пакуль таксама, ці стане больш танным паліва пасьля такой рэарганізацыі збыту нафтапрадуктаў.