Аляксандру Дабравольскаму вынесьлі пісьмовае папярэджаньне за бракованыя ўлёткі

Уладзімер Глод, Менск Дзеля гэтага ўвечары 5 кастрычніка выбарчая камісія Менскай-Сьвіслацкай акругі № 96 правяла адмысловае паседжаньне. У віну кандыдату ў дэпутаты паставілі тое, што ён, быццам бы, надрукаваў звыш нормы 1800 улётак.
Намесьнік старшыні Аб''яднанай грамадзянскай партыі Аляскандар Дабравольскі заяўляе, што ў дадзеным выпадку адбыўся незвычайны зьбег абставінаў.

(Дабравольскі :) “За дзень да гэтага як у нас канфіскавалі прадукцыю, у друкарню прыходзілі нейкія людзі, напалохалі ўсю друкарню, і таму дырэктар загадаў друкарам вывезьці ўсё што ёсьць з нашай прадукцыі. І ціск быў такі моцны, што нам прывезьлі ўсё што было, а формы друкарскія нават зьнішчылі. І высьветлілася, што там была значная частка бракованай прадукцыі. І вось гэты брак нам залічылі як перавышэньне накладу адной з улётак на 1800 асобнікаў”.

Выбарчы кодэкс Беларусі прадугледжвае зьняцьцё прэтэндэнта на дэпутацкі мандат з выбарчай гонкі, калі ён атрымлівае два пісьмовыя папярэджаньні. Таму, зразумела, што я пацікавіўся у спадара Дабравольскага, калі ён будзе аспрэчваць вэрдыкт акруговай камісіі ў Цэнтарвыбаркаме. Аднак нечакана высьветлілася, што кандыдат у дэпутаты пакуль не зьбіраецца падаваць скаргу. Вось як ён сам тлумачыць такое рашэньне:

(Дабравольскі: ) “Я б аспрэчваў папярэджаньне, але друкара, які рабіў гэтыя ўлёткі ўчора ўвечары выклікалі ў міліцыю. І пасьля размовы там яго "Хуткая дапамога" адвезла ў кардыялёгію з сардэчным прыступам. Таму мы хочам, перадусім, разабрацца, які ў яго цяпер стан здароўя. Ня хочацца, чыста па-чалавечы, каб яго зноў кудысьці выклікалі. Мяне ня столькі гэтае папярэджаньне цікавіць, колькі тое, што ўлады даводзяць людзей да такога стану”.