Браніслава Станкевіч, Віцебск Гэты крыж быў усталяваны тут, на месцы пераможнай для беларусаў Аршанскай бітвы, роўна 11 год таму. Гэтак ушанавалі памяць загіблых тут ваяроў удзельнікі самай першай бардаўскай імпрэзы – Андрэй Мельнікаў ды Юрась Копцік.
Сёньня на Крапівенскім полі, каб разам адсьвяткаваць 490-я ўгодкі Аршанскай бітвы, сабралася некалькі соцень сьпевакоў ды слухачоў з усяе Беларусі. Фэст распачаўся а 18-й вечара і працягнецца да глыбокае ночы. Як і штогод, журы абярэ сьпевака-пераможцу, а таксама нехта з выканаўцаў атрымае адмысловы прыз ад беларускай рэдакцыі Радыё Свабода – “За найбольш яскравае увасабленьне ў творчасьці ідэалаў Свабоды ды Незалежнасьці”.