Ва Ўкраіне пачалася рэгістрацыя кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта

Ганна Соусь, Прага 31 кастрычніка ва Ўкраіне адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Незалежныя назіральнікі мяркуюць, што гэтыя выбары вызначаць, ці абярэ Ўкраіна дэмакратычны шлях, альбо ў гэтай краіне ўкараніцца ўсё больш аўтарытарны стыль кіраваньня, як ў Расеі й Беларусі.
Ва Ўкраіне пачалася перадвыбарчая кампанія. Ужо сем кандыдатаў заявілі пра свой намер балятавацца на пасаду кіраўніка Ўкраіны. Сярод іх найбольшыя шанцы маюць дзейны прэм’ер Віктар Януковіч і лідэр правацэнтрысцкай апазыцыі лідэр блёку “Наша Ўкраіна” Віктар Юшчанка. Сярод другіх ўжо зарэгістраваных кандыдатаў – лідэр камуністаў Пётр Сіманенка і старшыня Сацыялістычнай партыі Аляксандар Мароз, лідэрка прагрэсіўнай сацпартыі Натальля Вітрэнка, старшыня Усеўкраінскага палітаб’яднаньня “Адзіная сям’я” Аляксандар Ржаўскі і старшыня Славянскай партыі Аляксандар Базілюк.

Зьбіраюцца зарэгістравацца кандыдатамі на прэзыдэнта таксама кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Ігар Душын і прэзыдэнт Украінскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Анатолі Кінах.

Дзейны прэзыдэнт Леанід Кучма неаднаразова заяўляў, што ня будзе балятавацца на трэці тэрмін. Аднак згодна з рашэньнем Вярхоўнага Суду Украіны фармальна ён мае такое права. Некаторыя палітычныя аглядальнікі мяркуюць, што ён яшчэ можа высунуць сваю кандыдатуру на трэці тэрмін.

Іван Лазавы дырэктар незалежнага інстытуту Дзяржаўнасьці і дэмакратыі адзначае адсутнасьць поўнага яднаньня пра-ўрадавых сілаў Украіны.

(Лазавы: ) “Гэта значыць, на маю думку, магчымасьць такіх вось сур''ёзных паваротаў, у тым ліку й таму што паўнамоцтвы Леаніда Кучмы завяршаюцца”.

Аднак, паводле Івана Лазавога, такая верагоднасьць невялікая, і прэм’ер Януковіч, як кандыдат, працягвае палітыку дзейнага ўраду.

Аналітык лічыць, што калі на выбарах пераможа праўладны кандыдат, то гэта яшчэ больш наблізіць Украіну да Расеі. Лідэр апазыцыі Віктар Юшчанка падчас мітынгу ў Кіеве ў нядзелю паабяцаў 70 тысячам сваіх прыхільнікаў змагацца з карупцыяй ў вышэйшых эшалёнах улады, павялічыць заробкі й пэнсіі й стварыць мільёны працоўных месцаў.

Віктар Януковіч, гэтак як і Юшчанка, выступае за больш блізкія стасункі з Захадам, аднак не ў абыход Расеі. Большасьць апытаньняў грамадзкай думкі сьведчаць пра тое, што Віктар Юшчанка мае 25-27 адсоткаў галасоў выбаршчыкаў, а Віктар Януковіч – 17-18 адсоткаў.

Аналітыкі папярэджваюць, што пад час выбарчай кампаніі верагодна будзе задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс, а таксама будуць выкарыстоўвацца брудныя тэхналёгіі.