Юры Хадыка: “Катаклізмы, зьвязаныя з тэрарызмам, будуць турбаваць нас доўгі час”

Радыё Свабода, Менск Адзін з лідэраў Беларускага народнага фронту прафэсар Юры Хадыка лічыць, што падзеі 11 верасьня 2001 году, якія зьмянілі сьвет, сталі прыкметамі схаванай хваробы, вельмі сур’ёзнай праблемы, якая паўстала перад чалавецтвам.
(Хадыка: ) “Няма пакуль што распрацаваных рэцэптаў суіснаваньня даволі розных па сваёй сутнасьці і ўнутраным зьмесьце культур, якімі з’яўляюцца культура хрысьціянская, гуманістычная і індывідуалістычная ў многіх аспэктах, і культура мусульманская, дзе пануе тэакратызм, калектывізм… Я думаю, што трагедыя 11 верасьня 2001 года толькі дазволіла ўсьвядоміць, што мы не выпрацавалі нормаў і прынцыпаў суіснаваньня. Я думаю, што гэтыя катаклізмы, зьвязаныя з тэрарызмам, будуць яшчэ цягнуцца і будуць бударажыць нас доўгі час… А вайсковае рашэньне, такое лякальнае, як у Іраку, дае відавочна адмоўныя вынікі. Глябальнае ж падаўленьне ваеннымі сіламі роўнавялікай культуры таксама немагчымае, бо гэта самаразбуральны падыход”.