А.Бяляцкі: “Справа Аўтуховіча і Лявонава мае палітычны падтэкст”

Альгерд Невяроўскі, Менск Суд пакараў ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Юр’я Лявонава, апрача тэрмінаў зьняволеньня, велічэзнымі штрафамі — агулам на 1 мільярд 132 мільёны рублёў (гэта больш як паўмільёна даляраў). Што раяць у такой сытуацыі рабіць людзі, якіх каралі вялікімі штрафамі, а таксама праваабаронцы? З былым дэпутатам Вярхоўнага Савету, аўтарам дакладу аб карупцыі ў прэзыдэнцкім асяродзьдзі Сяргеем Антончыкам і праваабаронцам Алесем Бяляцкім гутарыў наш менскі карэспандэнт.
За даклад аб карупцыі ў атачэньні Аляксандра Лукашэнкі суд пакараў Сяргея Антончыка штрафам амаль на 20 тысяч даляраў. Гаворыць Сяргей Антончык:

(Антончык: ) “Каб сплаціць гэты штраф, я быў бы вымушаны працаваць амаль 300 гадоў. Я столькі не пражыву, таму штрафу і не аддаў. Што да іншых штрафаў, то прыходзілася аддаваць. Але такія вялікія грошы выплаціць немагчыма. Задача такіх прысудаў – зрабіць чалавека недзеяздольным і прымусіць іншых людзей не выступаць супраць улады”.

А вось меркаваньне праваабаронцы Алеся Бяляцкага:

(Бяляцкі: ) “Як мне падаецца, гэтая справа мае палітычны падтэкст. Гэта сыгнал для ўсіх незалежных прадпрымальніцкіх структураў Беларусі, што яны маюць вельмі адносную свабоду для сваіх дзеяньняў. Дзяржава мела б цаніць і шанаваць гэтых людзей. Але ў сапраўднасьці яны раздушаныя дзяржаўным мэханізмам. Гэтыя штрафы прывядуць да таго, што Аўтуховіч стане жабраком ды яшчэ будзе адбываць тэрмін за сваё “злачынства”.