“Зьвяркоў ловяць краталоўкамі, якія можна набыць у нарыхтоўных шапіках і ў разьязных нарыхтоўнікаў спажывецкай каапэрацыі” (1976)

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларускія газэты 7 ліпеня ў розныя гады.
“Бацькаўшчына”, 1956 год. Пра паўстаньне ў Польшчы:

“Радыё Варшавы паведаміла, што ў першы дзень паўстаньня было 38 чалавек забітых і 270 раненых, але навочныя сьветкі з заходніх краінаў, якія ў той дзень знаходзіліся ў Пазнані, інфармуюць, што гэтая колькасьць значна паменшаная. Яны цьвердзяць, што ў гэтым першым дні на баку паўстанцаў было забітых звыш 100 чалавек, а на баку рэжыму каля 30, шмат прадстаўнікоў польскіх камуністых і службы бясьпечнасьці было зьлінчаваных”.

“Вечерний Минск”, 1976 год:

“Ліпень, жнівень і верасень — найбольш удалыя месяцы здабычы. Многія лаўцы штогод здабываюць 3 – 5 тысяч кратовых скурак і атрымліваюць ад продажу іх дзяржаве 500 – 900 руб. Здабыча крата даступная ўсім. Паляўнічы білет для гэтага не патрэбны. Зьвяркоў ловяць краталоўкамі з дроту, якія можна набыць у нарыхтоўных шапіках і ў разьязных нарыхтоўнікаў спажывецкай каапэрацыі. За скуркі выплачваецца закупны кошт, а краталовы, якія выканалі ўмовы абласных конкурсаў, атрымліваюць прэміі”.

“Свабода”, 1999 год. Мэдык з Воршы Яўгенія Казлова:

“Я ня трачу надзеі, што мае сыны, а потым і ўнукі ўсё ж будуць жыць у вольнай, шчасьлівай і квітнеючай Беларусі, і што адродзіцца нашая старажытная мова, культура і нацыянальныя традыцыі. А нашым нашчадкам, ні ў чым не вінаватым, будзе сорамна за першага прэзыдэнта, які праводзіў антынацыянальную палітыку, за “правадыра славянскіх народаў”, як цяпер сорамна немцам за Гітлера, правадыра арыйскай нацыі”.