З.Пазьняк: “Змаганьне Плешчанкі было найбольш блізкім да мэтаду Гандзі”

Радыё Свабода Слова памяці пра Уладзімера Плешчанку лідэра Кансэрватыўна-Хрысьцяінскай партыі БНФ Зянона Пазьняка
(Пазьняк:) "Гэта вялікая страта для нас, для Народнага Фронту, і для Беларусі. Уладзімер Плешчанка быў сапраўдны змагар, які паказаў, як можна невялікімі сіламі зрабіць шмат. Ён даў прыклад, як абараніць гонар Беларусі, як можа адзін чалавек паставіць сябе ў барацьбе. Гэта была Асоба. Ягоны мэтад змаганьня быў найбольш блізкі да мэтаду Гандзі. Ён ня меў маёмасьці, і кожны дзень з невялікай групай людзей ён ехаў Віцебск, у цэнтры гораду раздаваў беларускую літаратуру, газэты, фронтаўскія ўлёткі, пад бел-чырвона-белым сьцягам, з адпаведнымі лёзунгамі.

І ён прымусіў сябе паважаць, да яго людзі ішлі раіцца, пагаварыць. На яго кідаліся правакатары, але ён быў заўсёды вытрыманы і спакойны. Гэта ня быў чалавек экзальтаваны, ён не даваў сябе справакаваць. На яго навесілі мільёны штрафаў, яго дзясяткі разоў арыштоўвалі, аднойчы ён праседзеў амаль паўгады ў камэры па падазрэньню, якое не даказалі. І ён не зламаўся, будучы інвалідам па сардэчнай хваробе.

Судзьдзі ведалі, што Плешчанка ня мае маёмасьці і кожны раз давалі яму штрафы, думаючы яго прынізіць і запалохаць. Атрымалася наадварот – якраз Плешчанка стаў маральным пераможцам у гэтай непрыстойнай судовай цяганіне. І судзьдзі пачувалі сябе вінаватымі і ня ведалі, куды падзецца перад ягоным поглядам. Аднойчы Плешчанка і ягоная каманда нават зрабілі мэдаль – “Горшаму судзьдзі, бяспрынцыпнаму і несправядліваму”. І сур’ёзна ўручылі, вызначыўшы гэтага судзьдзю. І судзьдзя разгубіўся, ня ведаў, куды падзець вочы.

Плешчанка застаецца ў гісторыі беларускай барацьбы, ў гісторыі беларускага сьцягу ( бо ён уваходзіў у групу Мірона). Памяць пра Плешчанку для нас будзе як прыклад, прыклад вялікага беларуса, сур''езнага і сумленнага змагара. Прыклад таго, як можна, маючы толькі моцны дух і шчырае сэрца, дапамагчы Беларусі."