Чэскія праваабаронцы пераначуюць ля беларускага пасольства ў Празе

Алена Ціхановіч, Прага Прадстаўнікі Чэскай філіі міжнароднай арганізацыі "Amnesty International" сёньня прыйшлі да беларускага пасольства ў Празе, каб перадаць свой допіс кіраўніцтву Беларусі. На традыцыйную адмову дыпляматаў ад асабістай сустрэчы праваабаронцы вырашылі адказаць разгортваньнем палатак. Пра зьмест допісу і хаду акцыі Алена Ціхановіч гаварыла з прадстаўніком "Amnesty International" у Чэхіі Вацлавам Млынарыкам.
(Млынарык: ) "Мы патрабуем, каб у Беларусі захоўваліся і не парушаліся правы чалавека, а галоўнае, патрабуем вызваленьня ўсіх вязьняў сумленьня, якія былі затрыманыя за тое, што выказвалі свае погляды, або за тое, што належалі да розных этнічных групаў, якія ў Беларусі перасьледуюцца".

(Карэспандэнтка: ) "Ці называеце Вы ў сваім допісе канкрэтныя імёны палітычных вязьняў?"

(Млынарык: ) "У гэтым допісе нікога канкрэтна не згадваем, але зусім нядаўна мы, напрыклад, пісалі допіс аб вызваленьні кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, які быў пасьля выбараў зьняволены".

(Карэспандэнтка: ) "Чаму Вы дамагаецеся таго, каб гэты допіс узяў нехта пэрсанальна з беларускіх дыпляматаў, чаму для вас гэта так важна?"

(Млынарык: ) "Для нас гэта важна, бо мы б хацелі бачыць нейкае імкненьне выправіць гэтыя дзеяньні, якія можна назваць злачынствамі. Хацелі б пабачыць ад іх нейкі сустрэчны жэст, хацелі б пабачыць, што яны здольныя стаць тварам да таго, што натварылі, да таго, што дзеецца ў Беларусі".

(Карэспандэнтка: ) "А што, калі Вам, як Вацлаву Гаўлу скажуць – пакіньце свой допіс у паштовай скрынцы?"

(Млынарык: ) "Гэта нам на самой справе гэта нам сказалі тры разы– мы спрабуем перадаць допіс кожную гадзіну. Апошні раз мы паспрабавалі гэта зрабіць у сем гадзін і вырашылі, што дэманстратыўна правядзём тут гэтую ноч, каб дачакацца заўтра адкрыцьця пасольства і заўтра ў дзевяць гадзін паспрабуем перадаць наш допіс яшчэ раз".

Як стала вядома, на гэты момант ля сьценаў беларускай амбасады разгорнутыя дзьве палаткі, прынамсі пяць чалавек зьбіраюцца тут начаваць.