Сёлетняя эпідэмія грыпу ня будзе моцнай, прагназуюць мэдыкі

Радыё Свабода Моцныя маразы, якія сёлета адсунулі эпідэмію грыпу ў Беларусі, адыходзяць. Калі цяпер варта чакаць выбуху хваробы? Мэдыкі цьвердзяць, што сёлетняя эпідэмія будзе ня надта інтэнсіўнай і вялікіх непрыемнасьцяў не прынясе. Аднак усё адно раяць засьцерагацца хваробы.
Цягам апошніх двух тыдняў эпідэміялягічная сытуацыя застаецца стабільнай, кажа загадчыца эпідэміялягічным аддзелам Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Алена Фісенка. За тыдзень выяўляецца прыблізна 17 тысяч хворых на грып, альбо 3,5 тысячы штодня. Пакуль часьцей хварэюць дзеці сярэдняга школьнага веку, а вось сярод дарослых і малых дзяцей колькасьць хворых нават крыху зьнізілася.

Сытуацыя можа істотна зьмяніцца прыкладна праз тыдзень пасьля таго, як маразы адыдуць – у вірусаў ёсьць інкубацыйны пэрыяд, іх дзеяньне выяўляецца не адразу. Таму эпідэмію варта чакаць не раней, чым праз два тыдні. І будзе яна сярэдняй, а можа нават і нізкай інтэнсіўнасьці.

(Фісенка: ) “Найперш гэта залежыць ад штамаў цыркулюючых вірусаў. Рост колькасьці хворых, які цяпер ёсьць, нязначны, абумоўлены тымі ж відамі вірусаў грыпу, якія цыркулявалі летась. Таму сярод насельніцтва рэшткавы відавы імунітэт захоўваецца. За кошт гэтага інтэнсіўнасьць чарговага эпідэміялягічнага ўздыму будзе ніжэйшай”.

Істотную ролю, кажа спадарыня Фісенка, адыгрывае таксама й тое, што людзі сталі болей дбаць пра сваё здароўе й выкарыстоўваць стандартны набор супрацьвірусных сродкаў – рэмантадын, аксалінавая мазь, розныя імунамадулятары дый просты часнык.

Адным з найбольш надзейных сродкаў абараніць сябе ад грыпу застаецца прышчэпка. Праўда, рабіць яе пажадана яшчэ ўвосень, за колькі месяцаў да меркаванага пачатку эпідэміі. Калі ж прышчапіцца зараз, дык вакцына можа нават справакаваць надыход хваробы. Тлумачыць супрацоўніца мэдычнага цэнтру “Ладэ”.

(Спадарыня: ) “Пасьля вакцынацыі ёсьць такі пэрыяд, калі фармуецца імунітэт. Тады чалавек горш абаронены супраць іншых відаў інфэкцыі, у тым ліку й супраць грыпу. То бок, напрыклад, калі чалавек прышчапіўся й на наступны дзень у яго вялікая сустрэча зь вялікай колькасьцю народу, ён пераахалодзіўся, прыняў нейкую экстрэмальную нагрузку, то ён рызыкуе захварэць”.