Канструктары Нацыянальнай бібліятэкі ня вырашылі, як пазбаўляцца ад сьнегу

Радыё Свабода Замест 78 месяцаў, акрэсьленых праектам Нацыянальнай бібліятэкі, будаўніцтва скончылі за 38 месяцаў. Аўрал спрычыніўся да шэрагу недапрацовак. Прыкладам, так і не ўдалося вырашыць, як прыбіраць сьнег з нахіленых верхніх паверхаў. Апроч таго, будаўнікі тэрмінова перарабляюць унутраныя памяшканьні, каб разьмясьціць у будынку прэзыдэнт-цэнтар і залю для самітаў.
Галоўны інжынэр прадпрыемства “Менскпраект” Людміла Шохіна падчас сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі заявіла, што канструктары даюць гарантыю будынку “на тысячу гадоў”. Аднак нявырашаным застаецца адно з важных пытаньняў. На бакавых схілах шклянога даху зьбіраецца шмат сьнегу. Пакуль з гэтым змагаюцца спосабам “назапашваньня”: калі маса сьнегу дасягае крытычнай адзнакі, адчыняюцца своеасаблівыя “шлюзы”, і сьнег з вышыні 20-га паверху ляціць уніз. Ці дасканалы падобны мэтад, сумняецца і Людміла Шохіна.

(Шохіна: ) “Пытаньне сьнегавыдаленьня для нас вельмі складанае, мы ўпершыню сутыкнуліся з такой праблемай. Гэты год мы проста назіраем, як паводзіць сябе будынак, шкло ў момант сьнегападу. Але зразумела, што ў любым выпадку трэба вырашаць пытаньні мыцьця вокнаў і сьнегавыдаленьня. Што да мыцьця, то пойдзем, як і ўсюды ў замежжы — сіламі альпіністаў у лёгкіх люльках. Больш складана са сьнегам. На гэты момант мы пакуль вырашаем усё сьнегазатрыманьнем, але хацелася б знайсьці іншыя шляхі вырашэньня праблемы — перадусім, цеплавымі мэтадамі, каб праблема здымалася ўжо падчас дрэннага надвор’я”.

Прадстаўнік будаўнічага трэсту №7 Віктар Бандарэнка кажа, што сьціслыя тэрміны, да якіх даводзіцца прыстасоўвацца ягоным падначаленым, прымушаюць працаваць у аўральным рэжыме.

(Бандарэнка: ) “Мы працуем над тым, каб да 1 траўня завяршыць памяшканьні, якія ад пачатку не былі прадугледжаныя: залі для самітаў, круглая і авальная залі, канфэрэнц-заля, якая пераабсталёўваецца пад тэатральную залю; перарабляецца памяшканьне пад прэзыдэнт-цэнтар... Апроч таго, мяркуецца будаўніцтва архіву — ад 16-га і да 21-га паверха. Ва ўмовах дзейнай бібліятэкі усё гэта стварае пэўныя цяжкасьці. І дзеля таго, каб выканаць усе пастаўленыя задачы, мы ўклаліся ў 38 месяцаў, у той час як будынак павінен быў узводзіцца 78 месяцаў”.

Па-ранейшаму ня вырашаны лёс старога будынку Нацыянальнай бібліятэкі на вуліцы Чырвонаармейскай. Дырэктар бібліятэкі Раман Матульскі на просьбу Радыё Свабода выказаць з гэтай нагоды сваё меркаваньне адказаў: “Мы вызвалім будынак, вернем яго дзяржаве, а ўлады ўжо вырашаць, што там зрабіць”.