В.Буйвал: "Сьпісаў мы не панясем, але гэта не мяняе кампаніі "народнага галасаваньня"

Радыё Свабода Прыхільнікі Зянона Пазьняка па-рознаму ацэньваюць ягонае рашэньне фактычна спыніць удзел у прэзыдэнцкай кампаніі. Адны кажуць, што справа вырашаная, і партыя мусіць падпарадкавацца волі свайго кіраўніка; іншыя заяўляюць, што барацьба “толькі пачынаецца” і будзе весьціся паводле іншага сцэнару.
Актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо расказаў, што ягоныя аднапартыйцы з разуменьнем паставіліся да рашэньня Зянона Пазьняка спыніць удзел у выбарчай кампаніі.

(Юхо: ) “Я лічу, што справа, канечне, не дарэмная. Але, перадусім, мы — партыя, наш кіраўнік — Зянон Пазьняк, і мы кіруемся ягонымі загадамі. І што да гэтай справы, то яна ўжо вырашаная”.

(Карэспандэнт: ) “Але няўжо сваёй уласнай працы не шкада?”

(Юхо: ) “Праца не дарэмная. Мы, па-першае, ведаем тысячы людзей, якія не пабаяліся паставіць подпісы за Зянона Пазьняка. Зь імі мы будзем працаваць надалей”.

(Карэспандэнт: ) “Вы мяркуеце, што людзі, якія паставілі свае подпісы за Зянона Пазьняка, маглі мець непрыемнасьці, калі б падпісныя лісты трапілі ў Цэнтравыбаркам?”

(Юхо: ) “Ну, безумоўна, ёсьць рызыка. У якой дзяржаве мы жывём — вы ж ведаеце… Так што, гэтыя людзі рызыкавалі”.

Адрозна ад спадара Юхо, прадстаўнік Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Валеры Буйвал ня лічыць, што выбарная старонка перагорнутая. Паводле яго, партыя працягне прэзыдэнцкую кампанію, але ўжо паводле свайго сцэнару.

(Буйвал: ) “Гэта вы, калега, памыляецеся наконт спыненьня выбарчай кампаніі намі і спадаром Зянонам Пазьняком. Прайшоў толькі першы этап барацьбы. Мы проста не іграем па нотах рэжыму і не гуляем па антызаконных правілах, якія выстаўляе ўлада”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж абвешчана, што сьпісаў у Цэнтравыбаркам ніхто не панясе”.

(Буйвал: ) “Слушна. Сьпісаў мы не панясем, але гэта ніякім чынам не мяняе кампаніі “народнага галасаваньня”. Практычнага гэта значэньня ня мае. Мы працягваем кампанію выбараў 2006 году паводле правілаў “народнага галасаваньня” і не гуляем па правілах падрыхтаванай сыстэмы фальсыфікацыяў”.

(Карэспандэнт: ) “Апроч Зянона Пазьняка, кагосьці вы ўсё ж бачыце, прынамсі, кандыдатам на прэзыдэнта?”

(Буйвал: ) “Я пэрсанальна ня бачу нікога”.

Паводле ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка, за вызначаны час сабрана больш за 130 тысяч подпісаў прыхільнікаў лідэра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Аднак у апошні дзень збору подпісаў шэраг канкурэнтаў на прэзыдэнцкай дыстанцыі ўжо выказалі меркаваньне, што менавіта дэфіцыт падпісантаў выклікаў адмову каманды Зянона Пазьняка змагацца далей.